Вялікая сям’я — гэта шчасце

Актуальное

IMG_5173 (Копировать)15 мая ва ўсім свеце адзначаецца адно з самых светлых і цёплых вясновых святаў – Міжнародны дзень сям’і,  заснаваны ў 1993 годзе па рашэнню дзяржаўнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Менавіта гэты дзень дазваляе нам лішні раз задумацца пра значнасць сям’і ў нашым жыцці і праявіць ўвагу і клопат у адносінах да родных. Бо без іх   наша жыццё было б пустым і бязрадасным. Сям’я, за рэдкім выключэннем, патрэбна кожнаму чалавеку. У сям’і дзіцяці пачынае вывучаць навакольны свет і пасцігае сакрэты адносін паміж людзьмі. Праз сям’ю з пакалення ў пакаленне перадаюцца сямейныя традыцыі, веды і вопыт.  Як сцвярджае старажытная народная мудрасць: “Дзяржава – гэта вялікая сям’я, а сям’я – гэта маленькая дзяржава і трымаецца яна на каханні”.

6 гадоў назад з Расійскай Федэрацыі ў наш раён пераехала  сям’я Алега Яўгенавіча і Ліліі Іванаўны Абрамачкіных, у якой зараз выхоўваюцца 6 дзетак школьнага ўзросту. Яны гарэзлівыя, вясёлыя і дружныя,такія розныя, і разам з тым творчыя і здольныя, якія заўсёды разам і ўжо не ўяўляюць жыцця адзін без аднаго.  Вялікая і дружная сям’я  сям’я пражывае  ў вёсцы Альхоўцы ў прыватным доме. А  шматдзетная маці Лілія Іванаўна Абрамачкіна  за дастойнае выхаванне   дзяцей у  гэтым годзе  была ўзнагароджана ордэнам Маці. У час урачыстасці, прысвечанай Дню Перамогі, узнагароду жанчыне ўручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч.

Кожнае новае дзіцяці – гэта новая радасць, якая завітаўшы аднойчы ў ваш  дом, застаецца там назаўсёды,- упэўнена гераіня гэтага матэрыялу, якая сваю вялікую сям’ю лічыць   галоўнай у жыцці каштоўнасцю і ўзнагародай. Старэйшая дачка Анна ў гэтым годзе  заканчвае школу, наперадзе паступленне ў ВНУ. Сур’ёзная і мэтанакіраваная дзяўчынка вырашыла паспрабаваць свае сілы ў юрыспрудэнцыі. Яе малодшы брат пятнаццацігадовы Данііл захапляецца маляваннем і  ў наступным годзе заканчвае мастацкае аддзяленне школы мастацтваў. 14-гадовая Дар’я сёлета атрымае дыплом аб заканчэнні музычнай школы, яна выдатна спявае і іграе на фартэпіяна. Усе падставы для таго, каб займацца музыкай, ёсць і ў 9-гадовай Яны, з наступнага года дзяўчынка таксама будзе вучыцца ў школе мастацтваў. А вось Станіслаў, якому зараз 11 год, усур’ёз захапляецца спортам і перамагае ў многіх школьных спаборніцтвах.  7-гадовая дзяўчынка Эсфір – самая малодшая ў сям’і, у гэтым гогдзе заканчвае першы клас і з задавальненнем наведвае цыркавы гурток у нашым гарадскім пасёлку. Хоць дзеці і вельмі розныя, усе яны адказныя, працавітыя і мэтанакіраваныя. Дзяўчынкі дапамагаюць маці па гаспадарцы, даглядаюць агарод, выконваюць многія хатнія справы. Хлопчыкі – першыя памочнікі для свайго таты Алега Яўгенавіча, які працуе ў Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы і адначасова з’яўляецца пастырам  царквы “Слова жыцця” хрысціян веры евангельскай.   Алег Яўгенавіч – адзін з  удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане.

— У нас ніхто не курыць, не ўжывае алкаголю, дзеці выхоўваюцца ў спакойнай атмасферы, без крыкаў і лаянкі,-адзначае Лілія Іванаўна Абрамачкіна.- Значнае месца ў нашай сям’і  займаюць хрысціянскія каштоўнасці і вера ў Бога. Лічу, што толькі з Богам у сэрцы, дзеці вырастаюць дастойнымі людзьмі, яны не будуць ніколі   ілгаць, красці, здраджваць. А бацькі сваімі адносінамі, безумоўна, павінны паказваць прыклад гарманічнай сям’і, бо ў ёй галоўнае – каханне, узаемападтрымка, адзінства, давер, цярпенне і ўменне дараваць. Мая вялікая сям’я – мая галоўная апора ў жыцці і маё ні з чым не параўнальнае шчасце.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *