Пра стан жывёлагадоўчай галіны ў ААТ «Княж» нам расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Красько

Сельское хозяйство

Пра стан і паказчыкі жывёлагадоўчай галіны ў ААТ «Княж» мы папрасілі расказаць галоўнага заатэхніка гаспадаркі — Аляксандра Паўлавіча Красько.
«У ААТ «Княж» налічваецца 2 200 галоў буйной рагатай жывёлы (550 кароў, 300 быкоў на адкорме, астатняе — маладняк). Працуюць фермы ў Жуках Ложных, Германавічах, Каралеве, Сталіцы, Прамянах, Курылаве. Важнай падзеяй у гаспадарцы стане ўвядзенне новага жывёлагадоўчага камплексу на 400 галоў у Германавічах. Сюды будуць адабраныя лепшыя каровы з усіх фермаў гаспадаркі, спачатку ў лістападзе комплекс запоўняць на 200 галоў, з цягам часу дададуць другую палову. На астатніх фермах зроблены магчымы рамонт, уцеплены дзверы і вокны, адрамантаваны печы для падагрэву вады, завезены дровы. Вядома, асноўная ўвага накіравана цяпер на Германавічы, а ў аддаленых ад цэнтра фермах умовы работы не такія, як хацелася, каб яны былі ў ідэале. Але трэба сказаць, што людзі працуюць дастойна, добрасумленна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Можна адзначыць фермы Прамяны (загадчыца Святлана Васільеўна Рубніковіч), Сталіца (загадчыца Зінаіда Юльянаўна Нікалаёнак), якія ў нас лідзіруюць па надоях на карову, за 9 месяцаў гэты паказчык склаў адпаведна 4532  і 4542 кг малака. Сумленна працуе загадчыца фермы ў Жуках Ложных Ірына Іосіфаўна Андзілеўка.
Асноўныя паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне ў нас наступныя: сёлета за 9 месяцаў надаілі па 3287 кг малака на карову, а ў канцы года павінны выйсці на 4200. Прадалі малака дзяржаве 1570 тон, з іх гатункам «экстра» — 31 працэнт. Здадзена 150 тон мяса, з іх 77 працэнтаў — вышэйшай укормленасці. Сярэднясутачная прывага на адкорме за 9 месяцаў склала 408 грамаў, гэта, канешне, мала, будзем імкнуцца выйсці на 500 і болей.
У дастатковай колькасці нарыхтавана ў гаспадарцы травяністых кармоў, 14 тысяч тон сенажу і сіласу, складзеных у траншэях паблізу ад фермаў. Гэта 24,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Для правядзення зімоўкі такой колькасці павінна хапіць.»
Ад сябе дададзім, што Аляксандр Паўлавіч у гаспадарцы чалавек новы, на пасадзе знаходзіцца ўсяго два месяцы. Да гэтага працяглы час працаваў заатэхнікам на Міёрскім камбікормавым заводзе, а таму вельмі добра знаёмы са спецыфікай разнастайных камбікармоў. Гэтыя веды можна будзе выкарыстаць цяпер на карысць пры складанні рацыёнаў для кармлення. Адну з галоўных задач для сябе на дадзены момант Аляксандр Паўлавіч бачыць у тым, каб знайсці агульную мову і ўзаемапаразуменне з работнікамі гаспадаркі, так сказаць, стаць тут сваім чалавекам. А людзі тут — такое ў яго склалася ўражанне за непрацяглы час работы —  працавітыя, і менавіта ў гэтым заключаецца галоўны патэнцыял для далейшага развіцця.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *