Ніхто адразу не можа вызначыць свой жыццёвы шлях. Плануеш адну дарогу, а яна паверне зусім у іншы бок. Так атрымалася і ў Георгія Пятровіча Іванова. Яго жонка была педагогам, і ён вырашыў ісці па яе слядах. Набыў педагагічную адукацыю па спецыяльнасці спачатку настаўніка працы, а потым — біёлага. Толькі па апошняй і працаваць не давялося.
Прызначаны быў Георгій Пятровіч на партыйную работу ў Шаркаўшчынскі райкам партыі ў аддзел прапаганды і агітацыі. Пасля 5 гадоў працы на гэтай пасадзе яго перавялі ў тады існуючы племзавод “Шаркаўшчынскі” на пасаду сакратара партыйнай арганізацыі. Агітацыйная работа спорылася ў маладога спецыяліста. Гаспадарка, дзе працаваў, была эканамічна моцнай. Вялікі прыбытак давала жывёлагадоўля, а 1976 год выдаўся самым ураджайным на зерневыя культуры. Сярод іншых ордэнаносцаў сельгаспрадпрыемства Г. П. Іваноў быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.
Далейшая праца да выхаду на заслужаны адпачынак была ў вучэбна-курсавым камбінаце, дзе рыхтаваліся кадры механізатараў для сяла.
Кацярына СОСНА
