Маладыя механізатары ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

механізатары Мікалай Астроўскі і Сяргей Балай

На палетках ААТ “Агратэхсэрвіс” гэтай восенню ўзнята 3112  гектараў зябліва. Запланаваныя аб’ёмы работ своечасова завершаны — і ў гэтым вялікая заслуга кожнага працаўніка гаспадаркі. Гул трактароў на палетках не спыняўся ні днём, ні ноччу, людзі працавалі на рэзультат, па 12 гадзін у суткі. Сярод лепшых механізатараў ААТ “Агратэхсэрвіс” Алег Усеваладавіч Рабіза, Іван Васільевіч Мацяс, Андрэй Уладзіміравіч Рачыцкі, Сяргей Уладзіміравіч Балай, Мікалай Генрыхавіч Астроўскі, Алег Мікалаевіч Паляк, Ігар Іванавіч Кандрацьеў іншыя працаўнікі гаспадаркі. З года ў год сваёй шчырай і самаадданай працай гэтыя людзі павялічваюць дабрабыт раёна.
І хоць праблема замацавання моладзі на сяле па-ранейшаму застаецца актуальнай, ёсць у гаспадарцы маладыя працаўнікі, якім і вопыт можна перадаць, і добрую тэхніку даверыць. З адказнасцю і стараннем да выканання сваіх прафесійных абавязкаў падыходзяць маладыя механізатары ААТ “Агратэхсэрвіс” Мікалай Астроўскі, Валерый Фёдараў і Сяргей Курачкін.
Мікалай Астроўскі, з якім давялося сустрэцца на мехдвары гаспадаркі, рамантаваў сваю тэхніку, рыхтаваў яе да пастаноўкі на захоўванне на зіму. 12 гадоў назад малады чалавек прыйшоў працаваць у гаспадарку, ад якой 5 гадоў таму атрымаў новы МТЗ-3022. Вясной і ўвосень Мікалай задзейнічаны на розных відах работ, у апошні час уздымаў зябліва. Працаваў пазменна са сваім напарнікам Сяргеем Уладзіміравічам Балаём. Работа спорылася ў маладых і вопытных механізатараў, пры гэтым план, даведзены дзяржавай, выконваўся  звыш, чым на паўтары нормы.
Сяргей Уладзіміравіч Балай прыехаў у наш раён з Пастаўшчыны. Яго механізатарскі стаж налічвае 15 гадоў. Мужчына таксама працуе на МТЗ-3022, новы трактар атрымаў каля 4 гадоў назад. Магутная тэхніка дазволіла выконваць значныя аб’ёмы работ. А галоўнае, што механізатары, як і заўсёды, не падвялі, зрабілі ўсё  магчымае, каб рэзультат іх працы быў дастойным. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і харчавання гэтыя людзі ў поўнай меры могуць ганарыцца вынікамі сваёй дзейнасці.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *