
У адным з майскіх нумароў раённай газеты мы паведамлялі пра здарэнне на штучным вадаёме ў аграгарадку Лужкі. Нагадаем чытачам, што ў апошні дзень Вялікадня на беразе адпачывала кампанія з двух мужчын, адзін з якіх, папярэдне выпіўшы спіртнога, пасля спрэчкі з сябрам вырашаў пераплысці вадаём, але сілы хапіла толькі да яго сярэдзіны. Віктар Карпіцкі, які лавіў рыбу на процілеглым беразе, без прамаруджвання кінуўся ў ваду ратаваць мужчыну. На дапамогу яму падаспеў другі аднавясковец Леанід Гаўрута. Менавіта дзякуючы ім, няўдалы плывец быў выратаваны і перададзены брыгадзе “хуткай” медыцынскай дапамогі.
Старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Уладзімір Катовіч накіраваў хадайніцтва на заахвочванне Віктара Карпіцкага і Леаніда Гаўруты ў абласную арганізацыю ТВВАД. І вось 15 чэрвеня ў Лужкаўскім сельвыканкаме ва ўрачыстай абстаноўцы Уладзімір Катовіч уручыў хлопцам Граматы Прэзідыума Рэспубліканскага савета ТВВАД за мужнасць і самаахвярнасць, праяўленыя пры выратаванні чалавека. Віктар і Леанід атрымалі таксама ў якасці падарунка гадзіннікі і грашовыя прэміі.
У гэтых маладых людзей ёсць свае жыццёвыя праблемы, але іх гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу бліжняму, ставяць хлопцаў у прыклад іншым.
Сяргей РАЙЧОНАК





