Купалле ў Шаркаўшчыне (фотарэпартаж)

Актуальное

IMG_2791

На Купалле на святое

Рві, матуля, зелле тое,

Што ў нас папараць завецца!

І шчаслівым быць здаецца!

Янка Купала.

Народнае свята Купалле ў ноч з 6 на 7 ліпеня адзначалася амаль у кожнай цэнтральнай сядзібе нашага раёна. Шаркаўчане, як і ў мінулыя гады, адпачывалі ў парку сельгастэхнікі.

Купалле — гэта вяршыня лета, час, на які прыпадае найвялікшы росквіт прыроды. У яго глыбокія карані з язычніцкіх часоў, калі чалавек імкнуўся жыць у гармоніі з прыродай. Гэта свята раслін, вады і сонца. У гэты час травы набываюць гаючыя сілы, а людзі вераць, што менавіта ў купальскую ноч здзяйсняюцца цуды.

Работнікі раённага Цэнтра культуры ажыццявілі тэатралізаваную пастаноўку “На Івана ночка мала”. Самадзейныя артысты умела весялілі прысутную публіку сваёй шчырай ігрой на сцэне.

Яшчэ зранку на лугах можна было заўважыць дзяўчат, якія шукалі найпрыгажэйшыя краскі, каб паспець да вечара сплесці вянкі. Для іх праводзіўся конкурс “Купалінка – 2016”. Удзельніцы — Ірына Малыш, Юлія Гірстун і Алена Мацвеева — у разнастайных конкурсных этапах спрачаліся за званне прыгажуні чароўнай купальскай ночы. Журы, дарэчы, у гэтым конкурсе не было. Пераможцу павінны былі абраць прысутныя гледачы сваімі гучнымі апладысментамі і гоманам “Ура!”. Тытул “Купалінка—2016” у выніку атрымала Ірына Малыш.

У народзе кажуць, што можна бясконца глядзець на агонь, бо у яго гарэнні ўвасабляецца сонца, а само полымя надзелена таямнічай сілай даваць добры ўраджай. Шаркаўчане загадкавым позіркам пільна назіралі, як прыгожа хісталіся калючыя языкі агню, несучы з сабой чароўную загадкавасць і цеплыню.

У даўніну спаць ці сумаваць у купальскую ноч забаранялася і лічылася грахом. Трэба было весяліцца на поўную моц і ад усёй душы. Адным словам, удзельнікі свята ў Шаркаўшчыне традыцыю выканалі, а галоўнае, атрымалі задавальненне і добры настрой.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_2692 IMG_2699 IMG_2705 IMG_2708 IMG_2710 IMG_2715 IMG_2716 IMG_2724 IMG_2733 IMG_2735 IMG_2736 IMG_2739 IMG_2740 IMG_2742 IMG_2743 IMG_2747 IMG_2755 IMG_2756 IMG_2759 IMG_2763 IMG_2764 IMG_2770 IMG_2774 IMG_2776 IMG_2777 IMG_2779 IMG_2780 IMG_2785 IMG_2786 IMG_2788 IMG_2793 IMG_2794 IMG_2797 IMG_2799 IMG_2801 IMG_2802 IMG_2803 IMG_2810



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *