У аграгарадку Радзюкі адкрыты памятны знак у гонар мірнага яўрэйскага насельніцтва, расстралянага ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Актуальное

 

IMG_8444 (Копировать)

Вялікая Айчынная вайна  не абыйшла стараной ні адну сям’ю ў Беларусі. Успаміны пра яе  да сённяшняга дня трывожаць душы тых, чыё дзяцінства выпала на цяжкія і трывожныя ваенныя і пасляваенныя гады. У іх ліку Ларыса Іванаўна Шпак, Ада Эльеўна Райчонак, Людміла Іосіфаўна Ардынская,а таксама некаторыя іншыя жыхары раёна, якія займаліся зборам дакладнай інфармацыі і шмат зрабілі для таго, каб у Радзюках была ўшанавана памяць мірнага яўрэйскага насельніцтва,  расстралянага непадалёку ад тэрыторыі сучаснага аграгарадка на беразе ракі Гнілуха (на тэрыторыі былога хутара Малонка) 18 чэрвеня 1942 года. Сёння нават немагчыма ўявіць, што звыш 500 чалавек, якія пражывалі на тэрыторыі нашага раёна, былі знішчаны ў гэты жудасны дзень карнымі атрадамі СС.

І менавіта ў памяць аб гэтых людзях тыдзень таму назад у аграгарадку Радзюкі ўрачыста адкрылі памятны знак – агульную гранітную пліту для вялікай колькасці людзей, якіх расстрэльвалі проста за тое, што яны былі яўрэямі.  Усе яны не павінны быць забыты, як і памяць пра той  трагічны дзень, што па сённяшні дзень захоўваюць мясцовыя жыхары. Найбольш дакладную інфармацыю пра падзеі 74-гадовай даўнасці, якую калісьці даўно  яны атрымалі ад сваіх бацькоў, родных і знаёмых, паведамілі жыхары Радзюкоўскага сельскага Савета Ліліяна Іосіфаўна Карачун, Іван Іванавіч Лазовік, Аліна Антонаўна Страленка і Моніка Пятроўна  Касцюкевіч.

А 10 ліпеня, у дзень адкрыцця памятнага знака, шмат мясцовых жыхароў, шаркаўчане, прадстаўнікі мясцовай улады і госці  раёна  сабраліся  ля Радзюкоўскага сельскага Дома культуры, каб ушанаваць памяць загінуўшых. Сярод прысутных – дзве сям’і з далёкага замежжа Дзіяна і Майкл Лазарус, а таксама Джоні і Даглас Клеттэр. Гэтыя людзі не проста прысутнічалі на адкрыцці помніка, дзякуючы іх намаганням ён і з’явіўся на радзюкоўскай зямлі. Гэтыя сем’і ўжо на працягу 10 гадоў  супрацоўнічаюць з яўрэйскімі абшчынамі Беларусі, укладаюць асабістыя сродкі і займаюцца зборам добраахвотных ахвяраванняў для таго, каб усе месцы пахаванняў, загінуўшых у гады Халакосту яўрэяў, былі прыведзены ў належны стан. Як адзначыў падчас свайго выступлення  каардынатар камісіі па ўвекавечванню памяці ахвяраў фашызму ў Беларусі “Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый” Ігар Міхайлавіч Краверскі, на сённяшні дзень у нашай краіне ўстаноўлена 91 памятны знак. Але шмат работы яшчэ наперадзе. Таму гэта дзейнасць на тэрыторыі нашай краіны будзе працягвацца, пакуль усе месцы пахаванняў ні ў чым не павінных мірных жыхароў,бязлітасна расстраляных у гады вайны,  не будуць адзначаны помнікамі.

Удзельнікі жалобнага мітынгу ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым мірным жыхарам, а таксама прачыталі памінальную малітву аб ахвярах фашызму. У кожнага з гэтых людзей, якія жылі і працавалі на нашай шаркаўшчынскай зямлі, было сваё імя, свая сям’я, свой лёс і такое кароткае жыццё, якое забрала вайна. А цяпер, у памяць аб гэтых людзях,у Радзюках  усталяваны помнік, як і павінна быць,- было адзначана падчас мерапрыемства, на якім выступілі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, госці ўрачыстасці, а таксама многія  мясцовыя жыхары, якія хлебам-соллю гасцінна  сустракалі сваіх гасцей і для якіх дзень Памяці стаў днём адметным. Фінансавую дапамогу для правядзеня ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка аказала ААТ “Ельня-агра”.

Замежныя госці і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын”, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, пазнаёміліся з культурай нашага рэгіёну, яго абрадамі і традыцыямі, а пасля цырымоніі адкрыця помніка ў Радзюках наведалі аграгарадок Лужкі, на тэрыторыі якога таксама ўсталяваны помнік мірнаму яўрэйскаму насельніцтву, знішчанаму ў гады вайны.Трэба адзначыць, што напрыканцы 19 стагоддзя і напачатку Вялікай Айчыннай вайны вайны палову ўсіх жыхароў  Лужкоў састаўлялі менавіта яўрэі.

Старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская разам з работнікамі мясцовага сельскага Дома культуры і мясцовымі жыхарамі   гасцінна сустрэла гасцей у цэнтральным скверы аграгарадка ля помніка мовазнаўцу Эліэзеру Бен-Егудзе, ўраджэнцу мястэчка Лужкі, які адрадзіў іўрыт – дзяржаўную мову Ізраіля. Потым гасцей чакала цікавая экскурсія па аграгарадку і знаёмства з унікальнай гісторыяй вёскі Лужкі. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да помніка, дзе пахаваны 916 яўрэяў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942 годзе.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

IMG_8349 (Копировать) IMG_8351 (Копировать) IMG_8357 (Копировать) IMG_8366 (Копировать) IMG_8369 (Копировать) IMG_8374 (Копировать) IMG_8379 (Копировать) IMG_8385 (Копировать) IMG_8387 (Копировать) IMG_8407 (Копировать) IMG_8434 (Копировать)
IMG_8447 (Копировать) IMG_8475 (Копировать) IMG_8486 (Копировать) IMG_8488 (Копировать) IMG_8497 (Копировать) IMG_8499 (Копировать) IMG_8508 (Копировать) IMG_8511 (Копировать) IMG_8537 (Копировать) IMG_8539 (Копировать) IMG_8541 (Копировать) IMG_8558 (Копировать) IMG_8564 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *