Цікава праводзяць свой вольны час наведвальнікі клуба «Цёплыя сустрэчы» пры Іёдскай бібліятэцы

Актуальное

члены клуба “Цёплыя сустрэчы” пры Іёдскай бібліятэцы

Каму не хочацца пражыць доўга на гэтай зямлі? Тыя, хто дасягнулі даўгалецця, дзеляцца сваімі сакрэтамі. Адзін з іх — няспынная праца і пастаянная занятасць любімай справай. Нават тады, калі наступае пенсійны ўзрост, трэба не спыняцца дзейнічаць.
Як інфармуе статыстыка, у Беларусі пражывае 557 чалавек, якія дасягнулі 100 гадовага ўзросту і болей. Шкада, што толькі 76 з іх — мужчыны. “Лаві імгненні і памятай пра смерць” — казалі ў Старажытным Рыме. Вось і вырашылі нашы пенсіянеры займаць свой вольны час карыснай справай.
У бібліятэцы аграгарадка Іёды мы з чытачамі стварылі аматарскае аб’яднанне.
Спачатку напісалі аб’яву наступнага зместу: “Тыя, каму неабыякавы сучасныя праблемы, у каго ёсць пра што пагаварыць, чым падзяліцца, запрашаем на арганізацыйнае пасяджэнне клуба “Цёплыя сустрэчы”.
У назначаны дзень у бібліятэцы было шматлюдна. На першым пасяджэнні пенсіянеры і працаўнікі розных прафесій абмяркоўвалі мэты і задачы будучых сустрэч, пазнаёміліся з планамі і абавязкамі членаў клуба. Важна, каб кожны расказаў, што яго цікавіць у сучасным жыцці, пра што хоча даведацца глыбей (у гэтым дапаможа літаратура). Плануем абмяркоўваць прачытаныя кнігі, прагледжаныя кінафільмы.
Такое пасяджэнне будзе праходзіць раз у месяц па рознай тэматыцы і ў рознай форме: тэматычныя гутаркі, пасядзелкі за кубачкам чаю, ушанаванне юбіляраў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, размовы за круглым сталом і многае іншае.
Дэвізам клуба сталі наступныя словы:
“Любоў да кнігі ўсіх яднае.
Не лічым мы свае гады.
Калі хто ў клуб наш завітае.
Ён звяжа лёс з ім назаўжды”.
Г. ЯБЛОНСКАЯ,
бібліятэкар Іёдскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *