Прафесіяналізм, адвага, гонар — гэта толькі невялікі пералік асноўных якасцей, якія ўласцівыя пажарным-выратавальнікам. Не пагадзіцца з гэтым цяжка, асабліва тады, калі на ўласныя вочы бачыш жахі стыхіі агню і сам дапамагаеш выратоўваць маёмасць з полымя. Цяпер прадстаўнікі гэтай высакароднай прафесіі займаюцца не толькі тушэннем пажараў, але яшчэ і ліквідуюць наступствы ўраганных вятроў, тэхнагенныя катастрофы, дапамагаюць пры аўтааварыях і так далей.
25 ліпеня ў краіне адзначаўся Дзень пажарнай службы. Як заўсёды, з гэтай нагоды ў Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ладзяцца святочныя мерапрыемствы, ушаноўваюцца лепшыя супрацоўнікі. Але сёлета вырашылі адысці ад звыклых рамак. У актавую залу запрасілі протаіерэя, дабрачыннага Шаркаўшчынскай акругі айца Пятра Бараноўскага. Свяшчэннік звярнуўся да прысутных са словамі вялікай удзячнасці і павагі за іх нялёгкую службу. Затым ён прачытаў малітву, асвяціў памяшканне і супрацоўнікаў РАНС. У якасці падарунка Пётр Бараноўскі ўручыў пажарным-выратавальнікам ікону, а кожнаму прысутнаму — невялікія абразкі з выявай божай маці. Дарэчы, іх ён прывёз з Іерусаліма.
Якое ж свята без узнагарод? Загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Ганяровая грамата МНС уручана начальніку Шаркаўшчынскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэю Федуковічу. Першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Сяргей Татаровіч узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама. Старшыне Івану Зайцаву ўручаны нагрудны знак “Выдатнік”. За добрасумленную службу і ўзорнае выкананне абавязкаў граматай МНС адзначаны Валерый Шчабол. Граматы абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях уручаны старшаму сяржанту Валерыю Блажэвічу і прапаршчыку Андрэю Катушонку. Старшыня раённага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Ан уручыў юбілейныя медалі з нагоды дваццацігоддзя гэтага аб’яднання адзінаццаці супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАНС.
Не забываюць у аддзеле і сваіх былых калег па службе. Сёлета на святкаванні прысутнічалі ветэраны Іван Рыгоравіч Малыш, Мілецій Паўлавіч Глушонак, Вікенцій Антонавіч Русачонак, Мікалай Пятровіч Еўдакімаў, Раман Валер’евіч Чарняўскі, Сяргей Іванавіч Шошын. Дарэчы, апошні з’яўляецца казначэем раённага аб’яднання Беларускага саюза афіцэраў. І ад імя арганізацыі Сяргей Іванавіч уручыў падарунак Мілецію Паўлавічу Глушонку, які адзначыў сямідзесяцігадовы юбілей.
Для ветэранаў пажарнай службы была арганізавана экскурсія па памяшканнях аддзела, прадэманстравана абсталяванне, якім аснашчана цяперашняя тэхніка. Але асабліва здзіўляліся яны паказальным выступленням сваіх маладых калег. Ветэранаў уразілі тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіляў і іх магчымасці пры ліквідацыі наступстваў. Напрыклад, лафетны ствол аўтамабіля МАЗ (АЦ 10,0-40) можа падаваць напор вады на адлегласць звыш пяцідзесяці метраў, выліваючы пры гэтым ажно сорак літраў за секунду.
— Цяпер аўтамабіль можа перавозіць ажно дзесяць тон вады, — дзеліцца ўражаннямі Мілецій Паўлавіч Глушонак. — А ў наш час і тоны не ўмяшчалася ў цыстэрне. Абсталяванне наогул фантастычнае. Па-добраму зайздрошчу сваім маладым калегам, зычу ім трывалага здароўя, сямейнай утульнасці і, як прынята казаць у нашай службе, “сухіх рукавоў”!
Сяргей РАЙЧОНАК








































