Настаўніца, якая заўсёды побач… Гэтыя словы з поўным правам можна сказаць пра Варвару Уладзіміраўну Касцюкевіч — чалавека са шчырай душой, настаўніцу ад Бога, мудрую жанчыну, любячую і любімую маці і бабулю.
У вясеннія сакавіцкія дні Варвара Уладзіміраўна адзначыць свой юбілей. Таму прапануем вашай увазе невялікі расказ пра гэту жанчыну, якая прысвяціла сваё жыццё навучанню дзяцей, для якой павага, узаемаразуменне, аптымізм заўсёды былі жыццёвым і педагагічным крэда.
Нарадзілася яна ў звычайнай сялянскай сям’і, з дзяцінства любіла родную Станіславоўскую школу, сваіх настаўнікаў, на якіх хацела быць падобнай. Калі вучылася ў старэйшых класах, то была піянерважатай у маленькіх вучняў. Выконваць гэтыя абавязкі падабалася, узнікла жаданне стаць настаўніцай пачатковых класаў. Пасля гэтага былі вучоба ў Полацкім педагагічным вучылішчы, Віцебскім педінстытуце, незабыўныя першыя ўрокі, вочы першых вучняў, іх поспехі. Варвара Уладзіміраўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, выхавальніцай групы прадоўжанага дня, намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце ў Шаркаўшчынскай СШ №1. У 2006 годзе выйшла на заслужаны адпачынак. Але і сёння, калі сустрэне кагосьці з калег, абавязкова спытае пра поспехі, цяжкасці, навіны школьнага жыцця. Яна бывае частым госцем у нашай школе.
— Мне нядоўга давялося папрацаваць пад кіраўніцтвам Варвары Уладзіміраўны, — прыгадвае Наталля Генадзеўна Берніковіч, — але добра запомнілася яе тактоўнасць, ветлівасць, уменне зрабіць заўвагу ў форме парады.
—Узгадваюцца пасяджэнні з удзелам Варвары Уладзіміраўны, — дадае Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч, — на якіх лёгка вырашаліся ўсе нашы маленькія і вялікія праблемы. Ад імя ўсіх сваіх калег віншую Варвару Уладзіміраўну з юбілеем. Мы жадаем вам многіх гадоў жыцця, здароўя, заўсёды заставацца такой жа аптымістычнай і жыццярадаснай.
Андрэй БУРЭЦ.
