18 лістапада ў Міёрах праводзіўся семінар, прысвечаны захаванню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн

Актуальное

18 лістапада ў горадзе Міёры упраўленнем ідэалагічнай работы аблвыканкама сумесна з абласным саветам ветэранаў праводзіўся метадычны занальны семінар на тэму “Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў па выкананню Дзяржаўнай праграмы увекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн у Рэспубліцы Беларусь на 2011—2014 гады”. На мерапрыемстве прысутнічалі начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, старшыні раённых саветаў ветэранаў, кіраўнікі арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікі саюза афіцэраў, грамадскага аб’яднання БРСМ, супрацоўнікі рэдакцый, бібліятэк, архіваў, устаноў адукацыі і культуры Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.
Пра патрыятычную работу, якая праводзіцца на тэрыторыі Міёрскага раёна, паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Марыя Мікалаеўна Баніфатава. Удзельнікі семінара наведалі гісторыка-этнаграфічны музей і музей кнігі і друку, якія ўзначальвае настаўнік гісторыі Вітольд Антонавіч Ермалёнак. Гэты чалавек актывізаваў пошукавую работу на Міёршчыне, разам са сваімі вучнямі стварыў археалагічны гурток “Арганаўты мінулага”. І зараз, дзякуючы яго намаганням, на тэрыторыі Міёрскага раёна праведзена значная работа па ўвекавечванню памяці загінуўшых землякоў.
Як паслядоўна і сістэматычна арганізаваць работу па увекавечванню памяці абаронцаў Айчыны, расказала кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання “Пошук” Ларыса Наумаўна Бруева. Асаблівая ўвага надавалася парадку афармлення дакументацыі пры правядзенні пошукавай работы.
Трэба адзначыць, што на тэрыторыі шаркаўшчынскага краю на сённяшні дзень дакладна вядомы прозвішчы і месцы пахавання каля 70 працэнтаў жыхароў раёна, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Інфармацыя пра астатніх загінуўшых пакуль што адсутнічае. А значыць пошукавая работа па ўвекавечванню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн будзе актывізавана і на тэрыторыі нашага раёна. У бліжэйшы час у краіне будзе ўведзены ў дзеянне рэспубліканскі банк дадзеных — электронная кніга “Памяць” Рэспублікі Беларусь, інфармацыя ў якой будзе рэгулярна ўдакладняецца, дзякуючы рэзультатам праведзенай у кожным рэгіёне пошукавай работы. Бо нездарма кажуць: вайна не скончыцца да той пары, пакуль не будзе пахаваны апошні, загінуўшы ў ёй, салдат.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *