Работы па абнаўленню яблычных садоў вядуцца ў КУВСП «Гарадзец»

Сельское хозяйство

будаўнікі В. В. Апяцёнак, В. Я. Попел, М. М. Крыўка, Д. А. Крыўка і С. Ю. Кашэль

Які цуд назіраем вясной, калі пакрываюцца белай кіпенню сады. Так шчодра цвітуць пладовыя дрэвы, што здаецца, куды мы падзенем яблыкі! А наступае восень, і не ўсе дрэвы радуюць ураджаем. Што за прычына? А ўсё таму, што сады ў гаспадарках былі закладзены дзясяткі гадоў таму назад. Варта сказаць, што па раёне пад садамі знаходзіцца 799 гектараў. Нельга гаварыць, што дрэвам не надаецца належная ўвага — вясной іх абразаюць, беляць ствалы ад сонечных апёкаў і з мэтай знішчэння шкоднікаў. А далей — яны растуць самі па сабе аж да атрымання ўраджаю. Каб ён быў багаты, патрэбен пастаянны догляд — падкормкі, барацьба са шкоднікамі. Але многім дрэвам і гэта не дапаможа з-за іх старасці. Таму трэба сады абнаўляць. Менавіта такой работай і заняты ў КУВСП “Гарадзец”. У іх ні многа, ні мала — 49 гектараў сельгасугоддзяў пад садамі. Іх абнаўленне будзе весціся паступова. Цяпер спільваюцца і выкарчоўваюцца аджыўшыя свой век дрэвы, а на іх месцы вясною будзе высаджаны малады сад.
У час наведвання сельгаспрадпрыемства мы засталі брыгаду будаўнікоў, якія выпільвалі старыя дрэвы сада. У склад уваходзілі Віктар Вікеньцьевіч Апяцёнак, Васілій Ягоравіч Попел, Мікалай Мікалаевіч Крыўка, Дзмітрый Алегавіч Крыўка, Сяргей Юльянавіч Кашэль. А кіраваў рабочым працэсам прараб Пётр Мілецьевіч Катушонак.
Крыху далей на выкарчоўцы пнёў на “Амкадоры” быў задзейнічан механізатар з УКП ЖКГ Святаслаў Станіслававіч Паўловіч.
— Гэта толькі пачатак усіх нашых спраў і задумак, — сказаў дырэктар КУВСП “Гарадзец” Васілій Баляслававіч Недведзь. Асноўныя работы разгорнуцца вясной.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *