Дастойна прадставілі Шаркаўшчыну юныя таэквандысты на турніры ў Полацку

Спорт

Павел Туронак (першы злева) чэмпіён сярод кадэтаў на рэспубліканскім турніры

Адзінаццаць каманд з Мінска, Брэста, Гомеля, Магілёва, Віцебска і Шаркаўшчыны 6 лістапада прымалі ўдзел у адкрытым рэспубліканскім турніры па таэквандо ў горадзе Полацку. Да гонару юных шаркаўшчынскіх спартсменаў яны не разгубіліся ў дастаткова прадстаўнічай камандзе вядучых таэквандыстаў Беларусі.
Прыклад бескампраміснага настрою на перамогу прадэманстравала  наша лепшая маладая спартсменка раёна Жанна Шошына, вучаніца 11 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1. У аб’яднанай вагавай катэгорыі 51—59 кілаграмаў яна ярка, відовішчна, выкарыстоўваючы разнастайны тэхнічны арсенал правяла ўсе свае паядынкі і ўпэўнена заваявала першае месца. У гэтай жа вагавай катэгорыі трэцяе месца заняла Аня Ліпская, вучаніца 9 класа Радзюкоўскай базавай школы.
Пачын цудоўнай паловы чалавецтва падтрымаў і перспектыўны малады спартсмен Павел Туронак, вучань 8 класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Вельмі сур’ёзна ён пачаў адносіцца да трэніровачнага працэсу і рэзультат адразу пайшоў уверх. Паша стаў чэмпіёнам у самай цяжкай вагавай катэгорыі сярод кадэтаў 60—65 кілаграмаў.
Няпростая задача стаяла ў Аляксандра Сайкоўскага і Сяргея Сімановіча, якія выступалі ў кадэцкай групе 33—37 кілаграмаў. Іх вага, асабліва ў Сяргея, была ля самай ніжэйшай мяжы, і сапернікі ім дасталіся ледзь не на галаву вышэйшыя. Тым не менш, гэты факт не перашкодзіў Аляксандру Сайкоўскаму заваяваць перамогу ў дзвюх схватках. Блізкай здавалася перамога і ў трэцім паядынку, але перашкодзіў судзейскі фактар, і вынікам выступлення нашага спартсмена стаў бронзавы медаль. Прыгожыя паядынкі былі ў Сяргея Сімановіча, яго “вертыкальныя шпагаты” пры выкананні тэхнічных прыёмаў па шлемах больш высокіх сапернікаў нязменна выклікалі апладысменты ў гледачоў і балельшчыкаў. У выніку ў юнага шаркаўчаніна — сярэбраны медаль. Другое серабро ён заваяваў і ў спаборніцтвах па спецтэхніцы, выканаўшы за 10 секунд 41 удар нагамі па спецыяльных “лапах”.
Бронзавыя медалі на гэтым рэспубліканскім турніры здабылі таксама Мікіта Цыцын (45 кілаграмаў), Дзмітрый Кандрацьеў (53 кілаграмы), Аляксей Стоцік (55 кілаграмаў) і Яўген Носка (59 кілаграмаў).
Дзесяць прызавых месцаў шаркаўшчынскай зборнай таэквандыстаў ва ўмовах абмежаванага выезду на такія прадстаўнічыя турніры — гэта практычна раўназначна подзвігу. Толькі штодзённыя трэніроўкі і выдатныя байцоўскія здольнасці дазваляюць хлопцам і дзяўчатам дэманстраваць дастойныя рэзультаты. Няхай жа настойлівасць, працавітасць, неабходныя валявыя якасці і ў наступным набліжаюць іх да новых перамог.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *