4 верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз”

Актуальное

Брыгада аварыйнай службы у складзе Сяргея Таўкіня і Мікалая Дулінца
Брыгада аварыйнай службы у складзе Сяргея Таўкіня і Мікалая Дулінца

У першую нядзелю верасня тыя, хто дорыць нашым дамам, кватэрам цяпло і ўтульнасць, святкуюць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Афіцыйна яно было зацверджана ў 1980 годзе указам урада СССР. У некаторых краінах былога Савецкага Саюза, у тым ліку і ў Беларусі, яно адзначаецца і цяпер.

Пачатак газіфікацыі Шаркаўшчынскага раёна адносіцца да сярэдзіны 1960-х гадоў. З той пары прайшло больш, чым паўстагоддзя. Кардынальна змяніліся механізмы і абсталяванне, дастаўка звадкаванага газу абанентам і абслугоўванне пліт, катлоў і іншае. Але самае галоўнае, што ўжо не адзін год шаркаўчане маюць цудоўную магчымасць карыстацца прыродным газам.

— Агульная працягласць сеткі, па якой падаецца прыродны газ, складае прыкладна 90 кіламетраў, — гаворыць нам дырэктар Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз” Эдвард Вялічка. — Прыродны газ падведзены да 2000 абанентаў, на абслугоўванні арганізацыі маецца 900 ацяпляльных катлоў. Да таго ж яшчэ 8000 абанентаў карыстаюцца звадкаваным газам у балонах.

За спраўнасцю абсталявання і бесперабойнай падачай прыроднага газу карыстальнікам пільна назірае спецыяльна створаная для гэтых мэт аварыйная выратавальная служба. У ёй працуюць вопытныя, прафесійныя і адказныя спецыялісты. Менавіта дзякуючы ім пазаштатных сітуацый на газаправодзе ў нас практычна няма. А калі і здараюцца выпадкі аварыйнага адключэння газазабеспячэння, яны аператыўна ліквідуюцца.

На ўездзе ў Шаркаўшчыну з боку Глыбокага размешчаны два будынкі. У першым знаходзіцца газаразмеркавальная станцыя (ГРС), з якой пад вялікім націскам прыродны газ падаецца на прамежкавы газарэгулюючы пункт (ПГРП-1), размешчаны ў другім будынку. Тут знаходзіцца абсталяванне, у якім зніжаецца ціск газу з высокага на сярэдні для далейшай яго падачы абанентам Шаркаўшчыны і раёна. Дзве службы — аварыйная і абходчыкаў — сочаць за настройкай рэгулятараў ціску, правяраюць параметры спрацоўкі. Менавіта за працай на ПГРП-1 мы і ўбачылі брыгаду аварыйнай службы ў складзе слесара Сяргея Таўкіня і вадзіцеля Мікалая Дулінца — адных з самых вопытных спецыялістаў з вялікім стажам работы ў арганізацыі.

— Цяпер у Шаркаўшчынскім раёне газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз” працуе 38 чалавек, — кажа Эдвард Вялічка. — На змену старэйшаму пакаленню шаркаўшчынскіх газавікоў паступова прыходзіць моладзь. І гэта акалічнасць вельмі радуе, бо менавіта маладыя спецыялісты крочаць разам з часам і, тым самым, цалкам могуць ператварыць у жыццё, рэалізаваць на практыцы сучасныя метады працы ў сферы газавай галіны.

пагрузкай балонаў са звадкаваным газам займаюцца Аляксандр Стральчонак і Юрый Кожух
пагрузкай балонаў са звадкаваным газам займаюцца Аляксандр Стральчонак і Юрый Кожух

Ад сябе асабіста віншую калег па працы, ветэранаў газавай службы з надыходзячым святам. Упэўнены, што газазабеспячэнне нашых абанентаў і ў далейшым будзе наладжаным і як мага менш аварыйным. Для гэтага мы і працуем.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *