Калектыў супрацоўнікаў Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы ўрачыста праводзіў на заслужаны адпачынак Васілія Касцючэнку

Актуальное

В. В. Марозаў і В. В. Касцючэнка
В. В. Марозаў і В. В. Касцючэнка

“Чалавек сваёй справы” — кажуць у Шаркаўшчынскім аддзяленні Дэпартамента аховы пра Васілія Васільевіча Касцючэнку — электраманцёра сродкаў ахова-пажарнай сігналізацыі. Яго працоўная дзейнасць была цалкам аддадзена менавіта гэтай прафесіі. У 1974 годзе Васілій Васільевіч стаў майстрам па сігналізацыі Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства. Затым была тэрміновая служба ў радах Савецкай Арміі, а пасля дэмабілізацыі праца ў гэтай жа арганізацыі. У 2004 годзе ён перайшоў на работу ў Шаркаўшчынскае аддзяленне Дэпартамента аховы і выконваў амаль такія ж функцыі, якія былі ўскладзеныя на яго ў райспажыўтаварыстве — стаў электраманцёрам сродкаў ахова-пажарнай сігналізацыі.

— За час сваёй працы Васілій Васільевіч зарэкамендаваў сябе працалюбівым і дысцыплінаваным работнікам, — кажа нам начальнік аддзялення Васілій Васільевіч Марозаў. — Ён заўсёды з усёй паўнатой адказнасці падыходзіў да выканання сваіх службовых абавязкаў, дзякуючы чаму карыстаўся атарытэтам і павагай ў калег па працы.

У верасні Васілія Васільевіча Касцючэнку калектыў супрацоўнікаў Шаркаўшчынскага аддзялення Дэпартамента аховы ўрачыста праводзіў на заслужаны адпачынак. Гучала многа цёплых слоў і пажаданняў у адрас заслужанага работніка.

— Шчыра любіце сваю прафесію, — сказаў на развітанне Васілій Васільевіч Касцючэнка сваім былым калегам. — Заўсёды памятайце, што наша служба прыносіць карысць людзям. І ад таго, як кожны будзе адносіцца да выканання сваіх абавязкаў, у поўнай меры будзе залежыць спакой і дабрабыт нашых жыхароў.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *