У Шаркаўшчынскім РЭС прайшоў конкурс прафмайстэрства

Актуальное

удзельнікі конкурсных выпрабаванняў — электраманцёры Міхаіл Ерахновіч, Уладзімір Дубоўскі, Леанід Буднік і Іван Цітовіч

Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак — у ліку тых арганізацый райцэнтра, дзе вельмі ўважліва падыходзяць да падрыхтоўкі спецыялістаў. І гэта зразумела, бо дзейнасць электраманцёра — з разраду самых небяспечных прафесій і без  належнай спецыяльнай падрыхтоўкі, адказнасці і няўхільнага выканання ўсіх патрабаванняў і норм бяспекі чалавек проста не будзе дапушчаны да працы. Належную прафесійную падрыхтоўку супрацоўнікі арганізацыі праходзяць у вучэбным цэнтры РУП “Віцебскэнерга”. А работа ў брыгадзе са старэйшымі калегамі дазваляе атрымаць неабходны працоўны вопыт і асвоіць няпростую прафесію электраманцёра. Бо менавіта ў брыгадзе навічкі атрымліваюць асноўную частку практычных ведаў. Адзін раз у месяц у Шаркаўшчынскім РЭС праходзіць вучоба з усімі супрацоўнікамі арганізацыі, многія з якіх, дарэчы, імкнуцца набыць вышэйшую адукацыю і вучацца завочна.
Праверыць узровень прафесійнай падрыхтоўкі дапамог таксама конкурс “Лепшы па прафесіі”, які гэтай восенню праходзіў сярод электраманцёраў. Пераважную большасць удзельнікаў склалі маладыя людзі ва ўзросце да 31 года. Свае брыгады прадставілі Іван Цітовіч, Юрый Пундзіс, Уладзімір Дубоўскі, Міхаіл Мядзелец, Міхаіл Ерахновіч і Леанід Буднік.
Напачатку конкурснай праграмы з найлепшымі пажаданнямі да ўдзельнікаў звярнуўся начальнік Шаркаўшчынскага РЭС Віталій Анісімавіч Шарыпа. Ён пажадаў канкурсантам паспяхова прайсці праз усе выпрабаванні і не спыняцца на дасягнутым — і ў далейшым павышаць узровень свайго прафесійнага майстэрства. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва конкурс быў арганізаваны і праведзены на належным узроўні, а лепшыя электраманцёры атрымалі дастойныя матэрыяльныя ўзнагароды: за 2 і 3 месца былі ўручаны наручныя часы, за першае месца — дэкаратыўны сувенір — шкатулка.
Арганізатарамі мерапрыемства былі распрацаваны 3 этапы конкурснай праграмы, сярод якіх конкурс формы, эмблем і дэвізаў, тэарэтычнае заданне і практычная частка. Судзейская камісія, у склад якой увайшлі галоўны інжынер арганізацыі Віктар Ільіч Лагун і начальнік дыспетчарскай службы Леанід Іванавіч Шпец, падрыхтавала для ўдзельнікаў экзаменацыйныя пытанні па тэме прафесійнай падрыхтоўкі электраманцёраў. У час правядзення практычнага задання канкурсанты ўстанаўлівалі на вучэбным палігоне перанасное зазямленне на апору ВЛ-10 кВ. Пры гэтым ацэньвалася правільнасць і паслядоўнасць дзеянняў, выкананне патрабаванняў па тэхніцы бяспекі.

пераможца конкурсу прафмайстэрства Міхаіл Мядзелец

У час правядзення выпрабаванняў усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. А лепшымі былі прызнаны наступныя канкурсанты. Трэцяе месца раздзялілі паміж сабой Іван Цітовіч і Юрый Пундзіс, другое — у Леаніда Будніка. Пераможцам конкурсу прафмайсмтэрства стаў Міхаіл Мядзелец. Малады чалавек — ужо вопытны электраманцёр, у арганізацыі ён працуе каля 10 гадоў.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *