Ва ўсе часы зямля была і застаецца адной з галоўных каштоўнасцей. Яна корміць нас, на ёй мы будуем жыллё, крамы, вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Таму рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў — аснова дабрабыту дзяржавы.
Кантраляваць выкарыстанне і ахову зямель, рэгуляваць матэрыялы па прадастаўленні і забіранні зямельных участкаў, выяўляць невыкарыстоўваемыя землі — гэтыя і іншыя функцыі выконваюць спецыялісты аддзела землеўпарадкавання Шаркаўшчынскага райвыканкама. Невялікі калектыў налічвае ўсяго трое чалавек.
— Калі спецыялісты — прафесіяналы, то можна справіцца з любой задачай, — упэўнены начальнік аддзела Андрэй Пятровіч Шынкевіч. — Канечне, работы ў нас шмат. Гэта і звароты грамадзян, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў — карыстальнікаў участкаў і тых, хто толькі збіраецца атрымаць зямлю, і работа з самімі зямельнымі ўчасткамі, і вырашэнне зямельных спрэчак, і многае іншае. Але дзякуючы кампетэнтнасці, настойлівасці і прафесіяналізму Ірыны Віктараўны Бекіш і Яўгенія Анатольевіча Сцяпанава любая справа нам па плячы.
Прыярытэтнай задачай у рамках навядзення парадку на зямлі з’яўляецца прыцягненне пустуючых зямель у гаспадарчы абарот. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці” ў мінулым годзе знесена 24 такія пабудовы. Таксама працягваецца работа па перадачы сельгасарганізацыям пустуючых зямельных участкаў у сельскай мясцовасці, якія раней былі прадастаўлены грамадзянам для вядзення асабістай гаспадаркі. Так, у 2018 годзе ў сельгасабарот перададзены зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 169 гектараў.
За 2018 год праведзена 168 палявых мерапрыемстваў, выдадзена 69 прадпісанняў аб устраненні парушэнняў, складзена 7 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, вынесена 29 пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў.
Праведзена 6 аўкцыёнаў на права заключэння дамоўленасці арэнды зямельных участкаў. Зямельныя ўчасткі набылі па пачатковым кошце, павялічаным на 5 працэнтаў: ІП Кавальчук для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвага павільёна ў г. п. Шаркаўшчына; таварыства з абмежаванай адказнасцю “Евроторг” для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвых павільёнаў у аграгарадках Більдзюгі, Іёды, Радзюкі і Наваселле; таварыства з абмежаванай адказнасцю “М ВУД ЭКСПОРТ” для будаўніцтва аб’екта “Дрэваапрацоўчая вытворчасць у г. п. Шаркаўшчына”.
Немалаважна і тое, што шаркаўчане беражна адносяцца да зямлі. Асабіста я лічу, што ў гэтым вялікая заслуга спецыялістаў нашага аддзела, якія працавалі тут у мінулым. На сённяшні дзень у працы мы кіруемся тымі прынцыпамі работы, якія былі пакладзены ў аснову дзейнасці землеўпарадкавання ў нашым раёне Валерыем Аляксандравічам Генуковым, Пятром Юльянавічам Цітовічам, Валянцінам Станіслававічам Ткачонкам, Ірынай Мікалаеўнай Сулікоўскай і іншымі спецыялістамі.
Шчыра віншую ветэранаў нашага аддзела і сённяшніх работнікаў з прафесійным святам. Зычу кожнаму дабрабыту, здароўя, сямейнага шчасця, плёну ў працы і мірнага неба над галавой!
Сяргей РАЙЧОНАК.