Пра піратэхнічную небяспеку на навагоднія святы

Актуальное

Набліжаецца Новы год, на вуліцах гарадоў пануе перадсвяточны настрой, людзі рыхтуюцца і з нецярпеннем чакаюць блізкіх святаў, якія прынясуць радасць і шмат добрых уражанняў. Ці толькі добрых? Магчыма, калі вы не будзеце прытрымлівацца наступных рэкамендацый у абыходжанні з піратэхнікай, і непрыемных.
Увогуле, навагоднія святы— гэта час актыўнай дзейнасці «малых піратэхнікаў», якія яшчэ задоўга перад пачаткам святаў пачынаюць хуліганіць з піратэхнічнымі вырабамі, палохаючы прахожых на вуліцах выбухамі петардаў. Прытым што вынікам такога хуліганства можа быць не толькі спалох, але і фізічныя пашкоджанні як саміх «піратэхнікаў», так і выпадковых людзей. Такіх прыкладаў хапае. Напомнім, што адказнасць за апёкі і пашкоджанні, атрыманыя ў выніку выбухаў, нясуць дарослыя. А таму, шаноўныя бацькі, абавязкова правядзіце са сваімі дзецьмі прафілактычную гутарку і патлумачце, што жартаваць з петардамі і іншай піратэхнікай ні ў якім разе нельга.
Але не толькі з дзецьмі патрабуецца праводзіць гутаркі. У навагоднюю ноч звыклай справай для пажарных становяцца выезды на ўзгаранні, выкліканыя неакуратным абыходжаннем з піратэхнічнымі вырабамі. Справа ў тым, што пасля прыняцця спіртнога ў святочную ноч людзям хочацца яшчэ большай весялосці, феерверкаў, яскравых эмоцый. Дзе ўжо тут думаць пра бяспеку і неабходнасць уважліва прачытаць інструкцыю перад выкарыстаннем піратэхнікі. А калі здараецца бяда — загараецца кватэра, хтосьці атрымлівае пашкоджанні — народ разводзіць рукамі: хто ведаў, што так атрымаецца?
Мала хто ведае, што па ступені небяспекі піратэхнічныя вырабы падзяляюцца на 5 класаў. Да першага, найбольш бяспечнага, адносяцца тыя, што ствараюць агнявыя і дымавыя эфекты, напрыклад, бенгальскія агні. Вырабы другога і трэцяга класаў разлічаны яшчэ і на гукавы эфект, які ўзнікае пры разрыве ўпакоўкі. Іх выкарыстанне ў памяшканні катэгарычна забаронена. Піратэхніку чацвёртага і пятага класаў дазволена выкарыстоўваць толькі прафесіяналам, якія маюць спецыяльную ліцэнзію.
Бяды можа нарабіць, здавалася б, нявінная ракета. Яна можа падняцца на 30-метровую вышыню, прабіць аконнае шкло і спаліць чыю-небудзь кватэру. Траекторыя ракеты непрадказальная і змяняецца ад любой перашкоды (сцяна будынка, дрэва, вецер). Такія выпадкі здараюцца даволі часта.
Увогуле, выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы ў кватэрах і дамах, у шматлюдных месцах не рэкамендуецца. А дапускаецца толькі на адкрытых пляцоўках, воддаль ад жылых масіваў і выключна дарослымі.
Набываць ракеты, хлапушкі і іншыя піратэхнічныя вырабы трэба толькі пры наяўнасці ў прадаўца сертыфіката завода-вытворцы, які пацвярджае якасць. Абавязкова патрабуйце ў прадаўца інструкцыю па прымяненні, якая павінна быць на рускай ці беларускай мовах і змяшчаць наступную інфармацыю: найменне піратэхнічнага вырабу, умовы прымянення, абмежаванні пры выкарыстанні, спосабы бяспечнай падрыхтоўкі, пуска і утылізацыі, правілы захоўвання, гарантыйны тэрмін і дату вырабу, папярэджанне пра небяспеку выкарыстання, дзеянні ў выпадку непаладак і ўзнікнення непрадбачанай сітуацыі, пажару, рэквізіты вытворцы і іншыя звесткі. Таксама трэба пераканацца, што піратэхнічны выраб знаходзіцца ў завадской тары і мае сертыфікат адпаведнасці патрабаванням бяспекі. Уважліва азнаёмцеся з інструкцыяй і старайцеся, каб падчас прымянення піратэхнікі побач не знаходзіліся дзеці.
Прытрымлівайцеся гэтых парадаў, каб ваша свята прайшло без надзвычайных сітуацый, выкліканых неасцярожным абыходжаннем з піратэхнічнымі вырабамі.
Па матэрыялах МНС РБ падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ

Караецца законам
Напярэдадні святаў хочацца нагадаць пра крымінальную адказнасць, прадугледжаную ў Кодэксе РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконную рэалізацыю, выкарыстанне і перавозку піратэхнічных вырабаў.Так, выяўленне факта рэалізацыі піратэхнічных вырабаў у неспецыялізаваных магазінах або асобе, якая не мае права на іх прымяненне, кваліфікуецца па часці 4 артыкула 12.17 і прыводзіць да накладання штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавараў незалежна ад таго, каму яны належаць, і выручкі ад рэалізацыі тавараў, або без канфіскацыі.
Рэалізацыя тавараў з рук, латкоў, аўтамабілей у месцах, забароненых заканадаўствам, выклікае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 3 базавых велічынь.
Папярэджаннем або накладаннем штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь караецца парушэнне правіл уліку, захавання, перавозкі, перасылкі і абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі (артыкул 23.48).
Выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах, як правіла, выклікае негатыўную рэакцыю грамадзян, якія звяртаюцца ў адпаведныя органы з просьбай пакараць вінаватых. Яно можа быць кваліфікавана па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) і выклікае накладанне штрафу ў памеры трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
А. РАМАНОЎСКІ,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *