23 снежня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі прайшла галоўная навагодняя ёлка краіны, якая аб’яднала звыш дзвюх тысяч дзяцей з усёй Беларусі. Напярэдадні навагодніх святаў іх асабіста павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Сярод запрошаных на ўрачыстасць — актыўныя, творчыя і мэтанакіраваныя дзеці, выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў . Акрамя маленькіх жыхароў нашай краіны на свяце прысутнічалі дзеці з Расіі, Украіны і Латвіі. Шаркаўшчынскі раён на рэспубліканскай ёлцы ў гэтым годзе прадставілі Яўгенія Юдыцкая (Шаркаўшчынская СШ № 1), Мікалай Сяткоўскі (Шаркаўшчынская СШ № 2) і Анастасія Шэрсцень (Германавіцкая СШ). Гэтым вучням удача ўсміхнулася невыпадкова. Іх аб’ядноўваюць максімальная працаздольнасць, выдатная вучоба, школьныя творчыя і спартыўныя перамогі. А яшчэ ўсе гэтыя дзеці выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях.
Жэня Юдыцкая вучыцца ў 5 класе Шаркаўшчынскай СШ № 1, яна актыўная і творчая дзяўчынка. У мінулым годзе з адзнакай скончыла пачатковую школу, зараз наведвае заняткі ў музычнай школе па класе фартэпіяна, займаецца лёгкай атлетыкай у спартыўнай секцыі, а таксама выступае ў складзе эстраднай студыі «Карамелькі».
Мікалай Сяткоўскі , сямікласнік Шаркаўшчынскай СШ № 2, акрамя таго, што выдатна паспявае па ўсіх школьных прадметах, сур’ёзна захапляецца спортам, на яго рахунку – вялікая колькасць спартыўных перамог. А яшчэ Коля – актыўны ўдзельнік не толькі большасці культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, але і працоўных акцый, што праходзяць у Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2.
Анастасія Шэрсцень — вучаніца 6 класа Германавіцкай сярэдняй школы. У гэтым годзе дзяўчынка стала пераможцай раённага этапа школьнай алімпіяды па рускай мове. І менавіта работа Насці адзначана памятным прызам у раённым конкурсе на лепшую эмблему экалагічнага класа, які ў гэтым годзе адкрыўся ў Германавічах.
Дзецям надоўга запомніцца чароўная зімовая казка ў Палацы Рэспублікі, сустрэча з Прэзідэнтам і, безумоўна, падарункі, з якімі яны вярнуліся дадому.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ
