Каля тысячы школьнікаў наведалі 28 снежня галоўную навагоднюю ёлку вобласці. Сярод іх — 25 шаркаўчан ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Гэта пераможцы алімпіяд, раённых і абласных конкурсаў, дзеці са шматдзетных, няпоўных і апякунскіх сем’яў.
27 снежня дзеці пабывалі на цікавым музычным прадстаўленні ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, у якім потым іх чакала дыскатэка. А на галоўнай навагодняй ёлцы вобласці арганізатары падрыхтавалі для сваіх юных гасцей захапляльную гульнёвую праграму, месцы для фотасесій, майстэрню Дзеда Мароза, у якой можна было самастойна зрабіць падарункі, сувеніры, ёлачныя цацкі і навагоднія паштоўкі. А галоўны навагодні падарунак усё ж чакаў дзяцей у канцэртным зале “Віцебск”, дзе на працягу некалькіх гадзін сваіх юных гледачоў весялілі героі вядомай казкі пра Шчалкунчыка. Музыка з аднайменнага балета, пляц-парад алавяных салдацікаў, Мышыны кароль на хадулях — музычнае казачнае прадстаўленне настолькі захапіла ўсіх маленькіх жыхароў Віцебшчыны, што і самі яны на некаторы час адчулі сябе крыху чараўнікамі, здольнымі на вялікія і незвычайныя ўчынкі.
Абласная ёлка — адна з галоўных падзей рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Акцыя, якая стала ўжо традыцыйнай, у гэтым годзе праходзіць з 9 снежня 2016 года да 8 студзеня 2017 года.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ