Шаркаўчане на «Славянскім базары-2012»

Актуальное

Адной з галоўных культурных падзей нашай краіны з’яўляецца “Славянскі базар у Віцебску”. Вось і цяпер праходзіць 21-ы па ліку міжнародны фестываль мастацтваў, які сабраў прадстаўнікоў з 28 краін свету.
Па добрай традыцыі кожны год удзельнічаюць у правядзенні свята і творчыя людзі нашага раёна, работнікі гандлю. Трэба сказаць, што перад гэтым яны прымалі самы актыўны і паспяховы ўдзел у святкаванні 1150-годдзя Полацка.
Галоўная сцэна амфітэатра аддадзена знакамітым артыстам, гасцям фестывалю, дзе праходзіць песенны конкурс у вячэрні час. Дэвіз форума: “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. А ўжо з ранку, на розных сцэнічных пляцоўках горада арганізаваны канцэрты розных творчых калектываў.
Сустрэць у такім прыгожым, святочным і шумным горадзе прадстаўнікоў нашага раёна было нескладана. Дапамагла ў гэтам арка “Шаркаўшчынскі падворак”. І размешчаны ён у парку Перамогі над самай Дзвіною. Дарэчы, майстры-рамеснікі з іншых раёнаў вобласці раскрылі свае палаткі і вялізныя парасоны ў гэтым парку, дзе да свята пабудавалі тры фантаны невялікіх памераў з рознакаляровымі пералівамі падсвечвання ў начны час.

“Шаркаўшчынскі падворак” аб’яднаў Цэнтр рамёстваў, Дом ганчара, самадзейных артыстаў раёна і прадстаўнікоў гандлю. Свае вырабы ў трох кропках прадаваў Цэнтр рамёстваў. Асаблівым попытам карыстаюцца саматканыя, вышытыя ручнікі і посцілкі. Як сказала дырэктар Цэнтра Вікторыя Дубоўская, вельмі прыемна было, што палатняны ручнік купіў у іх (нават заплаціў болей) Анатолій Тозік — намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, а прадстаўнікі расійскай дэлегацыі выкупілі дзве саматканыя посцілкі. А хто не бачыў у сродках масавай інфармацыі нашу майстрыцу па аплікацыі з саломкі Алу Леднік?! Сфатаграфаваў яе з пано, прысвечаным святу, карэспандэнт БелТА. Цікавіўся ганчарным рамяством у Сяргея Рымдзёнка беларускі спявак Пётр Ялфімаў.

А на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы кожны дзень было мнагалюдна. 12—13 ліпеня весялілі народ квартэт “Рэзананс” РДК і салісты Ала Міхайлава і Іван Гарбачонак пад кіраўніцтвам дырэктара Дома культуры Галіны Русачонак. На наступны дзень спявалі трыо “Натхненне” Германавіцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці і салісткі Надзея Ярахновіч і Аксана Міронава з Навасёлкаўскага СК з вядучай Алёнай Сухаверскай.
Атрымала папулярнасць у Віцебску трыо “Каліна” Васюкоўскага СДК. Дзяўчаты спявалі не толькі на дадзенай сцэнічнай пляцоўцы, а і на галоўнай сцэне ў парку Перамогі. З імі ў канцэртнай праграме ўдзельнічалі Улад Спецыус, Сяргей Гамановіч і кіраўнік Аксана Сініца.
18 ліпеня на “Шаркаўшчынскім падворку” выступіў сямейны ансамбль у складзе Анжэлы і Уладзіміра Касцюкевічаў, Веры і Крысціны Шуман.
Кожны раён імкнуўся паказаць сябе з лепшага боку, але без перабольшвання скажу, што сабраць вакол сябе столькі людзей змаглі толькі шаркаўшчынскія артысты. Прахожыя абыходзілі іншыя падворкі і прыпыняліся менавіта тут: танчылі, падпявалі артыстам, чыталі вершы, падавалі спявакам заяўкі на выкананне таго ці іншага твора. Але за заяўку ахвотна клалі ў кошык “Дамавіку”, каб ахвотней артыстам спявалася на працягу столькі гадзін. Да позняй ночы не адпускалі прысутныя нашых самадзейных артыстаў. А ўсё таму, што прыемна было слухаць жывы голас выканаўцаў.
Нельга не сказаць пра работу нашага гандлю. У трох палатках: “Райскі куточак”, “Сялянская хата” і “Сувеніры” гандлявалі жанчыны ўсе гэтыя дні. Дастаткова сказаць, што толькі за чатыры дні прадалі тавараў на 140 мільёнаў рублёў.
Спрыяла правядзенню свята і надвор’е. Усё гэта стварала добры настрой у прысутных. Наколькі весела і цікава праходзіць такое мерапрыемства, можна зразумець толькі тады, калі там пабываць.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *