У канцы кастрычніка праводзілася першынство Віцебскай вобласці сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Удзел у спаборніцтвах прымалі хлопчыкі і дзяўчынкі 1998—99 гадоў нараджэння. Раённая каманда была сфарміравана з прадстаўнікоў Лужкаўскай, Германавіцкай, Шаркаўшчынскай № 1 сярэдніх школ.
Дастойна выступіў у спартыўнай хадзьбе на 3 км Арцём Клімза (трэнер П. П. Рубніковіч). З вынікам 15 мінут 23 секунды ўпэўнена заняў першае месца. Малайчына! А карыстаючыся выпадкам хочацца расказаць пра гэтага таленавітага і настойлівага юнака крыху больш. Арцём з 1 верасня стаў навучэнцам Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, старанна рыхтаваўся да міжнародных спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе ў г. Гродна, прысвечаных памяці сярэбранага прызёра Маскоўскай алімпіяды П. І. Пінчука. З вынікам 9 мінут 20 секунд выканаў 2-гі спартыўны разрад і заняў першае месца на дыстанцыі ў 2 км. А ў снежні вызначыўся зноў на абласной спартакіядзе сярод ДЮСШ. Два першыя месцы на дыстанцыях 2 і 3 км далі яму магчымасць выступаць за каманду вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Падтрымалі Арцёма Яўгенія Кірсанава і Юлія Андзілеўка (трэнеры М. А. Ляўшыцкі і П. П. Рубніковіч). Яны на дыстанцыі 3 км занялі адпаведна 5 і 6 месцы. На фінішы іх раздзялілі ўсяго 2 секунды.
Задаволены ўсе і выступленнем юных бегуноў, якія ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых на розных дыстанцыях. Гэта Мікіта Калесніковіч, Аляксандр Стрыжонак, Уладзіслаў Міхневіч.
Прынялі ўдзел у спаборніцтвах і выканалі юнацкія разрады Дзяніс Салавей, Вадзім Адзінец, Алеся Лакотка і Оля Цімашэнкава.
У снежні першынство вобласці па лёгкай атлетыцы аспрэчвалі юныя спартсмены 1999—2000 гадоў нараджэння. Мы прымалі ўдзел у забегах на 60 і 300 м, 1 і 2 км. Наш раён прадстаўлялі Дзяніс Салавей, Анастасія Якаўлева, Алена Кашэль, Святлана Жынь, Анастасія Гугалінская, Андрэй Рубніковіч, Аляксандр Фёдараў, Дзмітрый Зубко і Алена Зенкевіч.
У прызёры не трапілі, бо гэта быў першы выязны старт на абласныя спаборніцтвы для ўсіх удзельнікаў. І тым не менш хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі добрыя вынікі і ўвайшлі ў двадцатку самых хуткіх, хаця на старт на кожнай дыстанцыі выходзілі па 50—60 удзельнікаў.
Цяпер, вярнуўшыся са сваіх першых афіцыйных абласных спаборніцтваў юныя спартсмены яшчэ раз упэўніліся, што, каб быць першымі або ў прызёрах, неабходны рэгулярныя трэніроўкі, мэтанакіраванасць і настойлівасць. Думаю, што дасягнуць лепшых вынікаў дапамогуць і бацькі юных спартсменаў, даючы ім дазвол на рэгулярнае наведванне заняткаў у секцыях.
Па прадстаўленых пратаколах спаборніцтваў матэрыял падрыхтаваў Эдуард КОРСАК
