Шаркаўчанка Жанна Шошына стала пятай на першынстве Еўропы па таэквандо сярод юніёрак

Спорт

З 6 па 10 кастрычніка на Кіпры праходзіла першынство Еўропы па таэквандо сярод юніёраў і юніёрак, у якім прымала ўдзел і чэмпіёнка Беларусі 2011 года, вучаніца Шаркаўшчынскай СШ № 1 Жанна Шошына. Няпроста далася гэта паездка. Акрамя перамогі над саперніцамі з усёй Беларусі, неабходна было вырашыць і яшчэ адну, самую галоўную праблему — фінансавую. Аплату пражывання, харчавання і праезд узяў на сябе Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. А тры з паловай мільёны рублёў давялося спачатку пазычаць трэнеру, каб выкупіць авіябілет да Кіпра. Ён жа аплачваў і візавы збор. На бацькоў Жанны лягла выплата 55 еўра за стартавы ўзнос. У выніку ўсе праблемы былі вырашаны, і шаркаўчанка атрымала шанс памерацца сіламі з лепшымі еўрапейскімі спартсменамі. Задачы перад Жаннай стаялі вельмі складаныя. Калі мінчанкі з вучылішча алімпійскага рэзерву апошнія два месяцы рыхтаваліся да першынства Еўропы і маглі выехаць  на міжнародныя турніры ў Польшу і Германію, то ў Жанны такой магчымасці не было. Давялося разлічваць толькі на талент і валявыя якасці шаркаўчанкі.
Па жэрабю першы паядынак нашай таэквандысткі адбыўся з гаспадыняй спаборніцтваў — кіпрыёткай, і, трэба адзначыць, моцнай канкурэнцыі тая беларусцы  не саставіла. Выніковы лік 20:4 гаворыць сам за сябе. А вось у наступнай схватцы давялося змагацца з чэмпіёнкай Расіі Аленай Флегонтавай, якая лічылася фаварыткай у вагавай катэгорыі да 55 кілаграм. Ведаючы пра гэта, Жанна настроілася на рашучую барацьбу і ўсё ж  вырвала перамогу ў расіянкі з лікам 16—11. У наступным туры за выхад у паўфінал перад паядынкам з іспанкай яна атрымала жорсткую ўстаноўку ад новага трэнера па тэхнічнаму арсеналу вядзення бою. Але гэта ўстаноўка не апраўдала сябе, пасля двух раундаў іспанка перамагала з лікам 10:0. Толькі ў трэцім раундзе Жанне дазволілі выкарыстоўваць тыя тэхнічныя прыёмы, якія адпрацоўваліся на трэніроўках у Шаркаўшчыне. У выніку наша спартсменка адразу пачала набіраць балы і нават адправіла іспанку ў накдаун. Але двух застаўшыхся хвілін ужо не хапіла, каб давесці справу да пераможнага канца, і сярод 22 чэмпіёнак краін Еўропы шаркаўчанка спынілася на пятай пазіцыі і адначасова выканала нарматыўныя патрабаванні адзінай спартыўнай класіфікацыі для прысваення звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь па таэквандо.
Яркая, тэхнічная барацьба і дасягнутыя рэзультаты шаркаўчанкі на першынстве Еўропы былі высока ацэнены з боку кіраўніцтва Федэрацыі, і ў выніку Жанна прайшла адбор на першынства свету сярод юніёрак, які адбудзецца ў сакавіку 2012 года ў Егіпце. Пажадаем юнай таленавітай спартсменцы поспехаў на гэтым сусветным форуме.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *