2017 год у Беларусі — Год навукі

Актуальное

436

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2016 года № 481 сёлетні год у нашай краіне аб’яўлены Годам навукі. Гэта тэма была агучана падчас правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва, у межах якога старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Германавічы.

Сустрэча прайшла ў мясцовай сярэдняй школе. Асноўную аўдыторыю склалі педагогі ўстановы адукацыі. Прысутнічалі таксама работнікі сацыяльнай сферы аграгарадка, працаўнікі ААТ “Княж”. Іван Канстанцінавіч коратка паведаміў пра тое, што асабліва адметнае было ў мінулым годзе. Сярод найбольш значных падзей вылучаліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пенсійная рэформа, дэнамінацыя беларускага рубля і, канечне ж, шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы, якія прайшлі пад знакам Года культуры.

— Адной з асноўных мэт правядзення Года навукі з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для зберажэння і развіцця навуковага патэнцыялу нашай краіны, — падкрэсліў Іван Канстанцінавіч. — Асабліва важна гэта ведаць і ўсведамляць педагогам — тым, хто закладвае вучням у школах трывалыя падмуркі далейшага развіцця і станаўлення будучых асоб. Бо менавіта на таленавітую, творчую, актыўную і ўсебакова развітую моладзь ставяцца акцэнты пры рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Пасля Іван Канстанцінавіч наведаў экалагічны клас, які нядаўна адкрыўся ў Германавіцкай СШ. Завуч школы Ганна Эдуардаўна Давідзян правяла для дэпутата аглядную экскурсію, прадэманстравала літаратуру і спецыяльнае абсталяванне, якімі карыстаюцца вучні падчас правядзення навуковых доследаў.

Немалаважнай скаладаючай работы старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў з’яўляецца азнаямленне з дзейнасцю прафсаюзных пярвічных арганізацый на прадпрыемствах і ўстановах. У час свайго візіту ў Германавічы Іван Канстанцінавіч змог даведацца пра работу школьнай прафсаюзнай пярвічкі, якую ўзначальвае настаўніца Святлана Сяргееўна Жаркова. У сумеснай гутарцы з прафсаюзным лідарам ААТ “Княж” Ірынай Канстанцінаўнай Лагунёнак былі закрануты некаторыя пытанні, вырашэнне якіх Іван Канстанцінавіч узяў пад асабісты кантроль.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *