З віншаваннямі і падарункамі завіталі перад Новым годам госці ў «Сацыяльна-педагагічны цэнтр»

Актуальное

У адным будынку з дзіцячым садам № 5 па вуліцы Ціміразева ўтульна размясцілася дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр”, які ўзначальвае Надзея Станіславаўна Верушэўская. На сённяшні дзень там выхоўваюцца пяць дзяцей, якія накіраваны сюды па рашэнню камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Усе яны прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Падчас наведвання цэнтра, а гэта адбылося напярэдадні Новага года, давялося пераканацца, што тут для дзяцей створаны належныя ўмовы для пражывання на працягу 6 месяцаў, выхавання, навучання і развіцця.
27-га снежня сюды завіталі госці. Гэта дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонда Анна Пятроўна Шчурок і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч. Яны шчыра павіншавалі дзетак з Новым годам, пагутарылі з імі, уручылі падарункі і вялікі смачны торт. Ён і сапраўды вельмі спадабаўся дзецям, як пацвердзіла кіраўнік установы на наступны дзень.
— А гэта вам на памяць, — неяк нібы саромячыся выказаўся адзін з выхаванцаў, уручаючы Анне Пятроўне прыгожае пано з саломкі з надпісам “Шаркаўшчына”.
Дабрачыннасць ніколі не бывае залішняй, асабліва ў такіх установах. Дзіцячая памяць доўга будзе захоўваць гэтую падзею, у аснове якой клопат і ўвага да тых, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *