Каб дарога за кнігай стала для дзяцей і бацькоў шляхам да сямейнага ачага, зблізіла іх, Іёдская бібліятэка ўкараняе ў практыку сваёй работы комплексную праграму “Бібліятэка сямейнага чытання”. З гэтай мэтай праводзяцца святы, віктарыны, завочныя вандроўкі. Работа наладжана разам з мясцовай школай. Адна з форм работы з бацькамі — клуб “Альтанка”. Пасяджэнні яго праводзяцца кожную навучальную чвэрць. Разглядаюцца розныя тэмы: “Калі ў сям’і незвычайнае дзіця”, “Месца кнігі ў сямейным адпачынку”, “Падрыхтоўка дзіцяці да школы”, “Мая сям’я — мой цёплы дом”, “Прававая абарона дзяцей” і іншае.
У чарговы раз сабраліся ў памяшканні бібліятэкі бацькі і дзеці, каб разам адпачыць, пагутарыць. Сацыяльны педагог Таццяна Вітальеўна Цярэнцьева і педагог-псіхолаг Ніна Уладзіміраўна Лонская ўзгадалі дакументы, якія стаяць на абароне правоў чалавека, асабліва дзіцяці, далі парады бацькам, падкрэсліўшы, што менавіта на іх ляжыць асноўная адказнасць за захаванне правоў дзіцяці, за яго бяспеку.
Калі паміж бацькамі і дзецьмі існуюць адносіны сапраўднай любові, духоўнай блізкасці, узаемнай павагі і даверу, то такія дзеці будуць у жыцці ўпэўнена трымацца на нагах і стануць цвёрдай апорай бацькам у будучым.
Бібліятэкар Галіна Парфір’еўна Яблонская прапанавала розныя займальныя матэрыялы, галаваломкі, рэбусы, якія бацькі разгадвалі разам з дзецьмі і тым самым прывівалі любоў да кнігі, зрабіла агляд літаратуры ў дапамогу арганізацыі сямейнага адпачынку. Потым адбыліся гульні, конкурсы. Самымі актыўнымі былі Зоя Аляксандраўна Фокава — бабуля Ягора, Валянціна Канстанцінаўна Посная — маці дзвюх дачок Ангеліны і Ілоны, Таццяна Генадзьеўна Гернат з дачкой Лізай, Ніна Уладзіміраўна Лонская з сынам Данілам, Таццяна Вітальеўна Цярэнцьева з дзецьмі Сашам і Дашай.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА
