Чалавек года Віцебшчыны — механізатар ААТ «Жвіранка» Станіслаў Кубліцкі

Сельское хозяйство

309Ці можна параўнаць прафесію хлебароба з якой-небудзь іншай? Канечне, кожны чалавек яшчэ ў юнацтве сам выбірае жыццёвую дарогу, па якой ён будзе крочыць, каб прыносіць уласнай працай карысць грамадству. Большасць з нас пагодзіцца, што ўсе прафесіі важныя, бо нельга вылучыць сярод іх саму галоўную. І тым не менш, немагчыма ўявіць існаванне чалавека на зямлі без хлеба. Менавіта ён з’яўляецца пачаткам жыцця людзей і яго прадаўжэннем. Духмянаму бохану хлеба, які змяшчае ў сабе энергію і жыватворную сілу зямлі, здаўна паэты і пісьменнікі прысвячалі свае творы. Руплівыя і нястомныя рукі вясковых хлебаробаў услаўляюцца ў народных песнях і паданнях.

У матэрыялах нашай газеты, якія адлюстроўваюць ход вясенне-палявых работ у гаспадарках раёна, чытачы, напэўна, не раз заўважалі імя трактарыста-машыніста адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка” Станіслава Мікалаевіча Кубліцкага. Руплівы механізатар штогод падчас пасяўной кампаніі і нарыхтоўкі кармоў займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

436— З дзяцінства я шчыра палюбіў мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, — кажа нам Станіслаў Мікалаевіч. — А калі закончыў Більдзюжскую сярэднюю школу, для сябе асабіста вырашыў, што застануся жыць і працаваць у сваёй гаспадарцы. Як і любога вясковага юнака, мяне вельмі цікавіла тэхніка — трактары і аўтамашыны. Таму, атрымаўшы ў Шаркаўшчыне вадзіцельскія пасведчанні на гэтыя транспартныя сродкі, пачаў працаваць у тагачасным калгасе імя Кутузава. Старшыня гаспадаркі Антон Сяргеевіч Марціновіч выдзеліў мне першы трактар — МТЗ-80. Адслужыўшы два гады ў арміі, не здрадзіў сваёй мары дзяцінства і зноў сеў за руль калгаснага трактара. Вось ужо 23 гады разам з іншымі механізатарамі шчырую на карысць роднай гаспадаркі. Пятнаццаты сезон у маім карыстанні знаходзіцца энерганасычаны трактар МТЗ-1221. Тэхнічныя характарыстыкі тут добрыя, а галоўнае, што ў яго высокая праходнасць. Гэта робіць трактар запатрабаваным у сельскай мясцовасці на ўсіх відах сельгасработ. Як прыходзіць час пасяўной кампаніі, чапляю з зімы падрыхтаваную сеялку СЗТ-5,4 і засяваю палеткі гаспадаркі. Калі ідзе корманарыхтоўка, займаюся транспарціроўкай зялёнай масы. Гэты від работ выконваю і ў зімовы час. Таму акрамя рамонту ў механічных майстэрнях, перыядычна падвожу кармы да жывёлагадоўчых ферм.

Станіслаў Мікалаевіч як перадавы механізатар знаходзіцца ў пашане ў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. У час вясенняй пасяўной кампаніі мінулага года ён загарнуў у глебу насенне зерневых культур на плошчы 724 гектары і заняў другое месца ў раёне. Дарэчы, ён неднаразовы пераможца раённага спаборніцтва сярод механізатараў за арганізаванае і якаснае правядзенне сяўбы, за што атрымлівае Ганаровыя граматы райвыканкама і грашовыя прэміі. У 2013 годзе міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Канстанцінавіч Заяц уручыў Станіславу Мікалаевічу дыплом за трэцяе месца ў краіне па перавозцы кармоў.

Чарговым прызнаннем яго шчырай працы стала прысуджэнне ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2016”.

— Нават сам не ведаю, чаму менавіта мне сярод вялікага мноства механізатараў Віцебшчыны выпаў гонар атрымаць такую высокую ўзнагароду з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва. Лічу, што кожны з тых людзей, якія рупліва і старанна працуюць у сельскай гаспадарцы, дастойны падобнага прызнання і пашаны.

Напрыканцы размовы Станіслаў Мікалаевіч завёў рухавік свайго МТЗ-1221 і рушыў у чарговы рэйс, каб і тэхніка не прастойвала ў механізатара, і работа выконвалася своечасова.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *