Што рабіць, калі прыбывае «вялікая вада»? Парады спецыяліста РАНС

Актуальное Служба 101

234Вясна паступова абуджае прыроду. У пачатку тыдня прайшлі дажджы, а тэмпература паветра, якая з кожным днём павялічваецца, амаль растапіла снежнае покрыва і прыбавіла вады ў азёрах, ручаях і рэках. Сёлета на Віцебшчыне назіраецца спакойная паводкавая сітуацыя. “Вялікай вады” не назіраецца і ў нашым раёне. Толькі ў асобныя гады на некаторых завулках і вуліцах гарадскога пасёлка здараецца падтапленне домаўладанняў пасля снежных зім. Сёлетнюю зіму такой не назавеш. Тым не менш, як сцвярджаюць шаркаўшчынскія выратавальнікі, быць у поўнай баявой гатоўнасці трэба заўсёды. Пра тое, што трэба рабіць, каб наступствы воднай стыхіі былі мінімальнымі, расказвае намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Сяргей Крыўко:

— Зацікаўленыя службы і арганізацыі робяць усё, каб не дапусціць падтапленняў падчас магчымай паводкі. І хоць сёлета не чакаецца “вялікай вады”, мы робім усё магчымае, каб мінімізаваць яе наступствы.

Хочацца звярнуцца да гаспадароў, якія пражываюць у прыватных дамах, дзе вельмі часта здараецца падтапленне. Трэба своечасова прачышчаць трубапераезды і канавы каля ўласных дамоў. Не лішнім будзе і застрахаваць уласную маёмасць. У гарадскім пасёлку месцы, дзе існуе найбольшая пагроза падтаплення домаўладанняў, размешчаны на вуліцах Чырвоная Горка, Вадап’янава, Будзёнага, Дзяржынскага, Берагавога.

Падраздзяленні Шаркаўшчынскага РАНС гатовы да любога варыянту развіцця сітуацыі. Падрыхтаваны спецтэхніка і спецабсталяванне, якія могуць спатрэбіцца. Распрацаваны і зацверджаны схемы эвакуацыі гаспадароў тых дамоў, да якіх можа падыйсці вада.

Не лішнім будзе нагадаць асноўныя правілы, якія павінен ведаць кожны, чый дом знаходзіцца ў межах магчымага затаплення. Трэба адключыць газ, ваду, электрычнасць. Нельга паліць печ. Мэблю лепш вынесці ці зрабіць на падлозе пад яе падстаўкі. Правераны спосаб не пусціць ваду ў дом — выкапаць вакол яго канаўкі, па якіх будзе сыходзіць вада. Пасля заканчэння паводкі на працягу двух-трох тыдняў нельга ўжываць у ежу пітную ваду з калодзежаў з-за магчымага ўтрымання ў ёй нядорбатворных мікробаў.

Пакуль надвор’е нам спрыяе. Будзем спадзявацца, што “вялікай вады” у нашым раёне сёлета не будзе і праблем з падтапленнем шаркаўчане не адчуюць.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *