У лістападзе—снежні мінулага года ў Віцебску праведзены заключныя спаборніцтвы ў рамках другой спартакіяды сярод ДЮСШ. Як выступілі юныя шаркаўчане? Аб гэтым рэдакцыі паведаміла дырэктар мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Наталля АРЭШКАВА.
У лістападзе на заключныя абласныя спаборніцтвы прыбылі юныя спартсмены 1995—96 гадоў нараджэння з 12 раёнаў. Сярод іх была і наша дружына, якую падрыхтавалі трэнеры-выкладчыкі П. Рубніковіч і В. Кабелка. Усе выступілі даволі роўна, паказаўшы практычна лепшыя свае секунды на самых розных дыстанцыях. Безумоўна, хацелася большага, каб трапіць у лік пераможцаў ці прызёраў. На гэты раз усім не ўдалося, хаця і асаблівага расчаравання няма. Шаркаўшчынская дружына набрала 32 заліковыя ачкі і заняла шостае месца.
Найбольш удала выступіў на сваіх дыстанцыях Віктар Лазарэц (2-е і 5-е месцы). Усе астатнія, а гэта Дзмітрый Бурчык, Максім Сікора, Аляксандр Данільчанка, Аляксей Стоцік, Сняжана Скарбоўская і Уладзімір Мацвееў трывала замацаваліся ў першай дзясятцы лёгкаатлетаў вобласці.
А вось больш юныя спартсмены 1997—98 гадоў нараджэння здавалі свой галоўны экзамен у снежні. І годна яго вытрымалі. Толькі некалькіх ачкоў, а набралі 36, не хапіла да прызавога трэцяга месца ў агульнакамандным заліку. Ды і чацвёртае сярод 17 спартыўных дружын вобласці даюць падставы меркаваць аб высокім узроўні падрыхтоўкі і адказных адносін да сваіх абавязкаў трэнераў-выкладчыкаў С. Вашкеля, М. Ляўшыцкага, П. Рубніковіча.
Як і раней, не было роўных Арцёму Клімзу, які заняў два першыя месцы па спартыўнай хадзьбе на дыстанцыях 2 і 3 кіламетры. Надзейна падтрымала Арцёма Дзіяна Шах, якая стала бронзавым і сярэбраным прызёрам у хадзьбе на 2 і 3 кіламетры. Усяго дзве секунды ўступіла сваёй сяброўцы па камандзе Таццяна Рубніковіч на дыстанцыі 3 кіламетры.
У сілу сваіх магчымасцяў і фізічнай падрыхтоўкі выступілі ў любімых відах спорту Аляксей Крыўко, Мікіта Калесніковіч, Аляксандр Стрыжонак і Люба Ласкевіч.
Усе прызёры заключных абласных спаборніцтваў узнагароджаны адпаведнымі дыпломамі.
Сёлета юных спартсменаў чакаюць новыя старты. Пажадаем ім чарговых перамог на такіх прэстыжных спаборніцтвах.
Эдуард КОРСАК
