Чалавек года Шаркаўшчыны — вадзіцель УКП ЖКГ Сяргей Ракітка

Актуальное

869Сучасны свет ужо немагчыма ўявіць без аўтамабіляў і, адпаведна, без прафесіі вадзіцеля. На тэрыторыі нашага рэгіёну яна таксама ў ліку самых масавых і запатрабаваных, бо вадзіцелі неабходны ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Вось і жыллёва-камунальную гаспадарку раёна немагчыма ўявіць без шафёраў — людзей, якія кожны дзень у любы час сутак і года выконваюць сваю работу.

Добрасумленна і якасна да выканання сваіх прафесійных абавязкаў заўсёды адносіцца вадзіцель УКП ЖКГ Сяргей  Анатольевіч Ракітка. Малады чалавек стаў адным з лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” і ўчора падчас урачыстай цырымоніі атрымаў узнагароду. У калектыве жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Сяргей працуе з 2008 года. Некалькі месяцаў быў задзейнічаны ў сталярным цэху, потым перавёўся працаваць вадзіцелем. Па словах кіраўніцтва УКП ЖКХ, Сяргей паспяхова спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі. Ён ніколі не падвядзе, гэта менавіта той чалавек, у якім заўсёды можна быць упэўненым. У сваёй арганізацыі Сяргею даводзілася працаваць як на легкавых, так і на грузавых машынах. На працягу апошніх трох гадоў малады чалавек ажыццяўляе перавозку грузаў і пасажыраў на аўтамабілі Форд-Транзіт. Па неабходныя матэрыялы або запчасткі вадзіцель у любы дзень гатовы паехаць у камандзіроўку ў Мінск або Віцебск, шмат паездак ажыццяўляецца і на тэрыторыі раёна. Дарэчы, свой аўтамабіль у арганізацыі Сяргей рамантуе сам, а колькі гэта работа патрабуе сіл і часу, улічваючы стан нашых дарог пасля зімы, думаецца, казаць не трэба.

Сяргей Ракітка — карэнны жыхар нашага раёна, нарадзіўся ў вёсцы Більдзюгі. Закончыў школу, потым Глыбоцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй, дзе атрымаў спецыяльнасці  вадзіцеля і трактарыста. Пасля тэрміновай службы ў арміі ўладкаваўся на працу ў жыллёва-камунальную гаспадарку раёна. Разам з сям’ёй пражывае ў аграгарадку Наваселле, дзе купілі ўласны дом. Жонка Таццяна працуе ў натарыяльнай канторы нашага гарадскога пасёлка. Старэйшы сын Дзяніс вучыцца ў 2 класе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1, малодшая Вераніка наведвае дзіцячы садок.

Прафесія вадзіцеля — гэта прызванне, а не проста ўменне ездзіць за рулём. Такі вывад можна зрабіць, пазнаёміўшыся з вадзіцелем Сяргеем Ракіткам, які захапляецца тэхнікай, заўсёды ў належным стане ўтрымлівае свой аўтамабіль, своечасова ажыцяўляе неабходны рамонт і з вялікай адказнасцю адносіцца да сваёй работы.

Напярэдадні  Дня работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які заўтра будзе адзначацца ў нашай краіне, мой суразмоўца сказаў наступнае:

— Віншую ўсіх сваіх калег з прафесійным святам, жадаю ім ўсяго найлепшага і на рабоце, і ў асабістым жыцці. Здароўя, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і сямейнага дабрабыту вам і вашым родным!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *