
Жывёлагадоўчым комплексам у аддзяленні Каўшэлева ААТ “Жвіранка” на працягу пятнаццаці гадоў загадвае Вольга Сямёнаўна Усцінава. Жанчына дасканала ведае сваю справу. У 1986 годзе яна закончыла Смалянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пэўны час працавала ў Шаркаўшчынскай аграхімлабараторыі, а ў 1992 годзе разам з мужам пераехалі жыць і працаваць у Каўшэлева. Вольга Сямёнаўна займала пасаду агранома, была калгасным брыгадзірам.
— У нашым калектыве працуюць 30 чалавек, — кажа загадчыца. — Усе работнікі мясцовыя, большасць з іх аддалі працы ў жывёлагадоўлі шмат год. Таму нараканняў на выкананне імі службовых абавязкаў з боку кіраўніцтва гаспадаркі не ўзнікае. Кожны сумленна выконвае сваю справу.
Усяго на комплексе ўтрымліваецца 900 галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта дойныя каровы, цяляты дарошчвання, цялушкі ўзнаўлення. Спраў з іх доглядам нашым работнікам хапае, бо трэба жывёлу сваечасова накарміць, пачысціць памяшканні, правесці неабходныя ветэрынарныя працэдуры.
Тым часам на тэрыторыю комплекса заехаў трактар з прычэпам для адвозу арганікі. За яго рулём, як паведаміла нам Вольга Сямёнаўна, знаходзіцца яе аднакласнік Віктар Тамашавіч Свідэрскі. Механізатар у час зімова-стойлавага перыяду замацаваны за комплексам і выконвае тут транспартныя работы.
— Так, з Вольгай Сямёнаўнай мы вучыліся ў адным класе, — падыходзячы да нас, сказаў Віктар Тамашавіч. — Хадзілі ў мясцовую школу, пасля выбралі жыццё ў вёсцы, заснавалі свае сем’і.
Кажуць, што вясковае жыццё цяпер становіцца непрывабным для моладзі, якая выбірае горад. Але гэтага пункту погляду зусім не прытрымліваюцца Вольга Сямёнаўна і Віктар Тамашавіч. Яны ўпэўненыя, што пройдзе некаторы час і вёска зноў верне сабе тыя пазіцыі, якія займала раней.
Сяргей РАЙЧОНАК.