Майстры Шаркаўшчынскага раёна: Леанціна Вацлаваўна Навіцкая

Актуальное

Існуе меркаванне, што рукадзелле — адно з лепшых лякарстваў для жаночай душы і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Захапляючы занятак заспакойвае нервы, узнімае настрой, дапамагае сабрацца з думкамі. І менавіта гэты від творчасці дазваляе жанчыне адчуць сябе сапраўдным майстрам — мастаком, які стварае асабісты, непадобны на іншых твор мастацтва. Шкада толькі, што у свеце сучасных тэхналогій і канвеернай вытворчасці ўсё менш застаецца людзей, якія валодаюць непаўторнымі сакрэтамі рамяства, будзь то ткацтва, вязанне ці вышыўка.
На працягу многіх гадоў вязанне кручком і ткацтва з’яўляюцца любімым заняткам Леанціны Вацлаваўны Навіцкай — жыхаркі вёскі Крапіўнікі Германавіцкага сельскага Савета. Прыгожыя рэчы ручной работы упрыгожваюць дом гэтай жанчыны — саматканыя пакрывалы і ручнікі, вязаныя сурвэткі. Ткацкаму рамяству Леанціна Вацлаваўна навучылася у сваіх бацькоў, і зараз можна з упэўненасцю сказаць, што валодае гэтым відам творчасці жанчына амаль што дасканала. У былыя гады не адну гадзіну вольнага часу правяла за ткацкім станком. Некалькі гадоў таму значную частку сваіх вырабаў жанчына перадала ў Германавіцкі музей народнай культуры і быту, які ўзначальвае дачка Леанціны Вацлаваўны Людміла Казіміраўна Навіцкая.
Зараз у доўгія зімовыя вечары гераіня гэтага матэрыялу аддае перавагу рукадзеллю, забяспечвае прыгожымі вязанымі рэчамі родных людзей — дзяцей і унукаў. З мужам Казімірам Антонавічам выхавалі 4 дзяцей, якія зараз ужо дарослыя, маюць свае сем’і. У госці да дзядулі і бабулі часта прыязджаюць унукі — іх у Леанціны Вацлаваўны і Казіміра Антонавіча шасцёра. Падрастае і маленькая праўнучка, любіміца бабулі — Ульяна. Ёсць каму перадаваць вопыт, а значыць сямейныя каштоўнасці і традыцыі не будуць забыты.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *