Пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі працуе шмат гурткоў, у якіх займаюцца вучні школ раёна. Адзін з іх наведвае вучань СШ № 1 Аляксандр СТОЦІК і ён дзеліцца сваімі ўражаннямі.
— Я маю любімы занятак — гурток «Аўтарскай і турысцкай песні», які працуе пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі. На занятках, якія праводзіць таленавіты педагог Алена Мікалаеўна Калесніковіч, вучуся граць на гітары. Алена Мікалаеўна цярпліва вучыць мяне і іншых дзяцей многаму і, самае галоўнае, карыснаму і цікаваму. Педагог развучвае з намі новыя песні, акорды. Калі штосьці не атрымліваецца, заўсёды супакоіць і дапаможа.
Займаюся ў гэтым гуртку ўжо другі год. З усмешкай прыгадваю, як прыйшоў на першыя заняткі і зусім не ўяўляў, нават, з чаго складаецца гітара, на якой цяпер граю.
Не магу сказаць, што атрымліваецца ўжо выдатна, так, як у Алены Мікалаеўны, але буду да гэтага імкнуцца.
Хачу падзякаваць сваёй настаўніцы за добрыя адносіны да мяне і ўсіх дзецей і пажадаць ёй поспехаў у працы, шчасця, здароўя, таму што гэты чалавек мае вялікае і добрае сэрца.
Заўсёды чакаю тыя дні, калі мне трэба ісці на заняткі, бо настаўніца падбярэ менавіта такі матэрыял для навучання, які мне падабаецца, і заўсёды натхніць на працу.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА
Даслала ліст у рэдакцыю вучаніца 6 класа Станіславоўскай БШ Марыя РАЙЧОНАК з вёскі Жукоўшчына, у якім расказвае аб жыцці моладзі і вяскоўцаў. Вось, што яна піша:
Пасля закрыцця Слабадской СШ мы, яе вучні, зараз працягваем вучобу ў Станіславоўскай БШ і ў Шаркаўшчынскай СШ № 1. А ў час канікул любім усе разам сабрацца ў нашым Жукоўшчынскім сельскім клубе. Можна на канікулах і ў сваіх школах правесці вольны час, але ж на гэта трэба траціць амаль цэлы дзень. А ў клуб можна прыйсці на адну-дзве гадзіны і ў любы час, не чакаючы аўтобуса, прыбегчы дадому. А калі яшчэ побач з намі былыя настаўнікі Надзея Пятроўна Кірыенка, Іосіф Леанідавіч Квач, Наталля Валяр’янаўна Гігола і выпускнікі, то размаўляць можам доўга і цікава на розныя тэмы. І вяртаемся дадому з адчуваннем, як быццам бы пабывалі ў роднай Слабадской школе. Але жыццё працягваецца. А яно ў нас цікавае і насычанае. Так, у час зімовых канікул прынялі ўдзел у навагоднім ранішніку ў клубе. Свята працягвалася дзве з паловай гадзіны. Было шмат новых цікавых гульняў і забаў, канцэртных нумароў. Разам з намі і дарослыя чыталі вершы. А праз два дні мы ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Зорная гадзіна”, прысвечанай народнай творчасці. Было шмат цікавых і змястоўных конкурсаў, паміж якімі ўдзельнікам прапаноўваліся гульні.
25 снежня і 7 студзеня мы прынялі ўдзел у народным свяце “Калядкі”.
Наперадзе яшчэ шмат розных мерапрыемстваў. Безумоўна, цікавых, бо іх праводзіць наша былая настаўніца, а цяпер загадчыца клуба Н. П. Кіраенка.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА
Дзейнасць кожнай навучальнай установы насычана самымі разнастайнымі падзеямі і мерапрыемствамі. Там, дзе дзеці і моладзь, жыццё заўсёды прыносіць штосьці новае і цікавае. А школьнікі, у сваю чаргу, імкнуцца падзяліцца ўласнымі думкамі і ўражаннямі аб тым, што найбольш спадабалася і пакінула след у душы. І не толькі з сябрамі, знаёмымі і бацькамі, а і праз раённую газету са сваімі аднагодкамі з іншых школ. Некалькі допісаў прапануем вашай увазе сёння, і першы з іх ад дзевяцікласніцы Лужкаўскай сярэдняй школы Святланы РАДЗЕВІЧ:
— Кожную суботу ў нашай школе праходзяць цікавыя агульнашкольныя мерапрыемствы. Вось і 14 студзеня праходзіў конкурс “Інтэлектуальныя замарочкі”, які арганізавала настаўніца рускай мовы А. Г. Кулеш. У ім удзельнічалі вучні 5—11 класаў. З вучняў 5—9 класаў былі сфарміраваны дзве каманды: “15 студзеня” і “Разумнікі”, а вучні 10—11 класаў увайшлі ў склад журы на чале з В. А. Ластаўка. Конкурс меў мэту: садзейнічаць фарміраванню творчых здольнасцей, развіццю мыслення. Камандам былі прапанаваны цікавыя пытанні на логіку, рэбусы, конкурсы “Самы моцны” і “Самы кемлівы”, пытанні з вобласці рускай мовы. Пакуль каманды абдумвалі адказы на заданні, без увагі не засталіся і гледачы. Ім прапанаваліся загадкі, вясёлыя пытанні. Вучаніцы пятага класа Н. Крыўко, П. Барсук парадавалі гледачоў песняй “Лепшыя сябры”. Каманды паказалі добрыя вынікі, але з невялікім адрывам перамаглі “Разумнікі”. Журы было вельмі аб’ектыўным і кампетэнтным. Усе засталіся задаволенымі, нават прайграўшыя. Удзельнікі каманд атрымалі дыпломы. Усе пакідалі актавую залу з бадзёрым настроем.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК
