Словы падзякі выказваюць людзі работнікам Болкалаўскага, Велікасельскага магазінаў, а таксама магазіна «Мерыдыян»

Актуальное

Амаль 4 гады прадаўцом магазіна ў вёсцы Болкалы працуе Зоя Расціславаўна Балошка. “Гэты цудоўны спецыяліст выдатна ведае сваю справу і заслугоўвае шчырых слоў удзячнасці за сумленную працу”, — упэўнена большасць пакупнікоў Зоі Расціславаўны. Сведчанне сказанаму — ліст з подпісам 13 жыхароў вёскі Болкалы, атрыманы напрыканцы студзеня кіраўніцтвам райспажыўтаварыства. Змест пісьма наступны:
“У магазіне вёскі Болкалы заўсёды вялікі асартымент тавараў, малочныя і мясныя прадукты завозяцца рэгулярна, згодна з графікам. Час ад часу мы, пакупнікі, звяртаемся да Зоі Расціславаўны з просьбай набыць камбікорм ці будаўнічыя матэрыялы. Нашы запытанні ніколі не застаюцца без увагі. Усе неабходныя тавары дастаўляюцца ў магазін своечасова, і  прадавец адразу ж паведамляе людзям пра іх паступленне. Станоўча вырашаюцца пытанні па прыёму тары, Зоя Расціславаўна ніколі не адмаўляе пенсіянерам. Гэта цудоўная жанчына заўсёды ўважлівая і ветлівая з пакупнікамі, калі неабходна, яна дапаможа вызначыцца з пакупкай. Хочацца пажадаць нашаму прадаўцу ў яе нялёгкай справе поспехаў і цярпення, дабрабыту і новых здзяйсненняў.”
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ

Ці трэба казаць, як у наш нервовы час, не хапае элементарнай ветлівасці, як рэдка ўсміхаюцца людзі адзін аднаму. І таму, напэўна, так уражваюць і падымаюць настрой любыя праяўленні зычлівасці, звычайнай чалавечай цеплыні ў штодзённых адносінах. Да нас часта звяртаюцца нашы чытачы, часцей за ўсё гэта пажылыя людзі, з просьбай цераз газету падзякаваць работнікам пунктаў гандлю, медыцынскіх і іншых устаноў за іх добрыя адносіны да людзей. Мы заўсёды такія просьбы выконваем. Вось і ў гэты раз у рэдакцыю патэлефанавала
жыхарка вёскі Вялікае Сяло Галіна Якаўлеўна Кабак, каб падзякаваць персаналу велікасельскага  магазіна №44. Гэта загадчыца Таццяна Грыгаровіч, прадавец Ала Ластаўка, тэхнічны работнік Вольга Еўдакімава. Вельмі падабаецца пажылому чалавеку тая ветлівасць, з якой работнікі адносяцца да наведвальнікаў магазіна, і іх прафесіяналізм. А Ніна Фёдараўна Груздзіловіч, якая пражывае ў Шаркаўшчыне, выказвае добрыя словы прадаўцам магазіна «Мерыдыян» Ларысе Падабыцька і Святлане Шышко. У яе і іншых наведвальнікаў магазіна прыемнае ўражанне пакідаюць высокая культура адносін да людзей, ветлівасць, з якой сустракаюць сваіх пакупнікоў прадаўцы названага магазіна.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *