Сярэдні і малодшы медыцынскі персанал у хірургіі — галоўная апора для ўрача ў лячэнні пацыентаў

Актуальное

супрацоўніцы хірургічнага аддзялення: Ірына Набздорава, Іна Бельская, Марына  Протас, Валянціна Сакалоўская, Тамара Зямец, Вольга Лапацкая і Святлана Лазука
супрацоўніцы хірургічнага аддзялення: Ірына Набздорава, Іна Бельская, Марына Протас, Валянціна Сакалоўская, Тамара Зямец, Вольга Лапацкая і Святлана Лазука

18 чэрвеня медыкі Беларусі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень медыцынскіх работнікаў. Гэта дата ўжо даўно выйшла за межы выключна прафесійнага свята, бо няма на свеце чалавека, які б ні разу ў жыцці не звяртаўся па дапамогу да людзей у белых халатах. Вось і на старонках раённай газеты  пераважную большасць шчырых слоў падзякі чытачы “Кліч Радзімы” адрасуюць менавіта ўрачам, фельчарам, медыцынскім сёстрам, санітарачкам, прадстаўнікам іншых неабходных у медыцыне прафесій.

Пра медсясцёр і санітарак, на чые плечы ўскладзена нялёгкая задача выходжваць цяжкахворых людзей, у тым ліку і пасля складаных аперацый, расказана няшмат. Але менавіта ад якасці іх работы ў вялікай ступені  залежыць не толькі фізічны, але і душэўны стан нашых пацыентаў, — паведаміў загадчык хірургічнага аддзялення Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Вацлававіч Лаўрыновіч. — Сярэдні і малодшы медыцынскі персанал у хірургіі — галоўная апора для ўрача.

Жанчыны, якіх вы бачыце на здымку — медыцынскія сёстры і санітаркі хірургічнага аддзялення Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, якія ў дзень прыходу карэспандэнта знаходзіліся на дзяжурстве. Многія з іх і сваё прафесійнае свята сустрэнуць на працоўным месцы, як звычайна стараючыся дапамагчы хворым. Нездарма ж удзячныя пацыенты часта называюць гэтых жанчын “анёламі ў белых халатах”, а яны сціпла адмахваюцца і ўжо спяшаюцца ў іншую палату да сваіх наступных пацыентаў з перавязкамі, кропельніцамі і ўколамі.

— Заўсёды прыемна бачыць вочы людзей, якім мы дапамаглі і якія вяртаюцца ад нас дадому з ўдзячнасцю, — адзначыла паставая медыцынская сястра Іна Аркадзьеўна Бельская. — Разумеем, што для выздараўлення вялікае значэнне маюць адносіны медыцынскага персаналу, таму лечым не толькі лекавымі сродкамі, а і добрым словам, і ўсмешкай, і падтрымкай. Урач назначае курс лячэння, а медыцынскія сёстры і малодшы медыцынскі персанал і днём, і ноччу побач са сваімі хворымі. У хірургічным аддзяленні, у сярэднім, на лячэнні знаходзяцца 30-35 пацыентаў, сітуацыі ўзнікаюць розныя, рэагаваць трэба хутка і прафесійна. Выпадковыя людзі ў хірургіі не затрымліваюцца, работа наша зусім няпростая, патрабуе шмат душэўных сіл, цярпення і ўвагі.

Са святам вас, медыцынскія работнікі раёна! Усяго вам самага найлепшага на рабоце і ў асабістым жыцці. Здароўя, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і сямейнага дабрабыту вам і вашым родным.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *