Віншаванні з юбілеем прымала Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч

Актуальное

Ірына Аляксандраўна Міцкевіч, Ангеліна Уладзіміраўна Качан, Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч, Ганна Казіміраўна Мілевіч і Кацярына Барысаўна Пяткевіч — супрацоўнікі ветстанцыі і ветлабараторы
Ірына Аляксандраўна Міцкевіч, Ангеліна Уладзіміраўна Качан, Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч, Ганна Казіміраўна Мілевіч і Кацярына Барысаўна Пяткевіч — супрацоўнікі ветстанцыі і ветлабараторы

Немагчыма ўявіць сельскагаспадарчую вытворчасць без надзейна функцыяніруючай ветэрынарнай службы, аснашчанай разнастайнымі сродкамі абароны жывёльнага свету. “Урач лечыць чалавека, а ветурач — чалавецтва” — гэта словы акадэміка Івана Паўлава. І часта мы нават не ўяўляем, наколькі наша існаванне залежыць ад стану ветэрынарыі. У пастаяннай барацьбе з хваробамі, агульнымі для чалавека і жывёлы, ветэрынарныя спецыялісты засцерагаюць наша здароўе і дапамагаюць выратаваць чалавецтва ад многіх небяспечных хвароб.
На працягу 35 гадоў працуе ў Шаркаўшчынскай раённай ветэрынарнай станцыі выконваючая абавязкі галоўнага ветурача Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч, якая 9 лістапада адзначыла свой чарговы юбілей. Атрыманыя за гэты перыяд веды і вопыт дапамагаюць жанчыне кваліфікавана працаваць з калектывам і аператыўна выконваць усе пастаўленыя задачы. За шматгадовую добрасумленную працу ў ветэрынарнай службе раёна старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч уручыў Рамуальдзе Эдуардаўне Ганаровую грамату райвыканкама.
За тры з паловай дзясяткі гадоў гераіня гэтага матэрыялу прайшла ўсе ступені кар’ернай лесвіцы: працавала спачатку ветфельчарам, потым ветурачом-эпізатолагам, загадчыцай участка ветстанцыі, намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача, і вось ужо на працягу 4 гадоў яна ўзначальвае калектыў, з якім звязаны вялікі адрэзак жыцця.
— У Шаркаўшчынскай раённай ветстанцыі на сённяшні дзень працуюць 50 спецыялістаў і работнікаў рознага профілю: ветурачы, ветфельчары, лабаранты, санітары, вадзіцелі, і ад іх дзейнасці залежыць вельмі многае, — паведаміла ў час нашай размовы Рамуальда Эдуардаўна. — Супрацоўнікі калектыву праводзяць шэраг лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў і дыягнастычных даследаванняў, забяспечваюць у ветэрынарных адносінах бяспечнасць прадуктаў жывёлагадоўлі, а таксама кантроль за выкананнем арганізацыямі і прадпрыемствамі, звычайнымі грамадзянамі заканадаўства ў галіне ветэрынарыі. А калектыў у нас дружны і зладжаны, усе яго прадстаўнікі добрасумленна выконваюць свае абавязкі і заслугоўваюць самых лепшых слоў у свой адрас. У сельгаспрадпрыемствах раёна зараз утрымліваецца 25953 галавы буйнай рагатай жывёлы (з іх 8547 каровы), 1527 — у прыватным сектары, 1520 свіней — у КУВСП “Гарадзец”, таму работы ў нашым калектыве заўсёды хапае.
За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу ў бліжэйшыя дні Р. Э. Вайцяховіч будзе ўручана Ганаровая грамата камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкама. А сярод вялікай колькасці шчырых віншаванняў і кветак, за якія гераіня гэтага матэрыялу ўсім вельмі ўдзячна, самыя дарагія, безумоўна, ад родных людзей. На юбілей да маці разам з мужам і чатырохгадовым сынам Кірылам прыехала дачка Алеся, якая пражывае ў Полацку і працуе дацэнтам гістарычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *