24 чэрвеня ў Германавічах святкавалі нараджэнне святога Яна Хрысціцеля

Актуальное

IMG_3100Ужо стала добрай традыцыяй святкаваць у нашым раёне нараджэнне святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Германавічы. І гэтым разам 24 чэрвеня мерапрыемства сабрала шмат удзельнікаў, сярод якіх былі не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі.

У кожнага чалавека ёсць любімы і дарагі сэрцу куток, дзе ён нарадзіўся, вырас, стаў на ногі. Ёсць калодзеж, смак вады з якога не пераблытаеш ні з чым іншым. Менавіта сюды цягнецца стомленая душа, каб адпачыць, набрацца сіл і жыць далей. Для многіх прысутных на свяце такім месцам і з’яўляюцца Германавічы.

У касцёле

У пачатку ў касцёле Перамянення Пана ксёндз Ян прывітаў ксяндза Андрэя з Мінскай парафіі, які і адслужыў святую Імшу. У сваёй пропаведзі святар Андрэй, звяртаючыся да прыхаджан, заклікаў шанаваць і паважаць старэйшых людзей, часцей наведваць храм, каб жыць з Богам у душы. Пасля бласлаўлення словы ўдзячнасці за прысутнасць, супольную малітву і Божае слова ксяндзу Андрэю выказалі мясцовыя вернікі. Святар у сваю чаргу падзякаваў жыхарам Германавіч за адметную шчырасць і гасціннасць.

Ад вернікаў Мінскай парафіі і парафіян касцёла Перамянення Пана прагучалі віншаванні пробашчу касцёла з імянінамі, яму ўручылі падарункі, выказалі пажаданні моцнага здароўя і доўгіх год служэння на ніве духоўнасці.

Разам — да вогнішча

Урачыстым шэсцем вернікі рушылі са святым агнём да Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый, дзе праходзіла другая частка свята.

Звяртаючыся да прысутных ксёндз Ян павіншаваў усіх з цудоўным святам нараджэння святога Яна Хрысціцеля, пажадаў кожнаму добрага настрою і прыемнага адпачынку. Старшыня Германавіцкага сельвыканкама Алена Рубін падзякавала святарам за праведзенае богаслужэнне і павіншавала ксяндза Яна з імянінамі, уручыла букет кветак і падарунак.

Пры ўваходзе ў глядзельную залу была размешчана выстава Ульяны Сташкевіч пад назвай “Праца маіх рук “.

Самадзейныя артысты Германавіцкага ЦК і НТ падрыхтавалі невялікі канцэрт. Тэатралізацыя чаргавалася з выкананнем песень, якія спявалі  дарослыя, а маленькія дзеці падрыхтавалі танцавальныя нумары. Не абышоўся гэты дзень без конкурсу на лепшую Купалінку, якую выбіралі гледачы. Прадстаўніцы з Сталіцы, Зоркі, ААТ “Княж” прадэманстравалі свае творчыя здольнасці і прыгажосць на сцэне. Лепшую Купалінку выбралі апладысментамі — ёй стала прадстаўніца ААТ “Княж”.

З песнямі і народнымі танцамі на свята завіталі нашы суседзі — калектыў “Глубоцкія дзяўчаты” з Глыбоцкага Дома культуры.

Хтосьці ў гэты час глядзеў канцэртную праграму, хтосьці разам з дзецьмі забаўляліся на разнастайных атракцыёнах, іншыя пажадалі добра падсілкавацца на вольным паветры за столікамі, набыўшы харчовыя тавары, кандытарскія прысмакі ў гандлёвых кропках, якія працавалі ў той вечар у Германавічах.

Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае запальванне купальскага вогнішча. Мясцовая моладзь зачаравана назірала за полымем вялікага вогнішча, углядаючыся ў яго з жаданнем спаўнення сваіх мар.

Алена АНАНІЧ.

IMG_3102 IMG_3104 IMG_3107 IMG_3108 IMG_3109 IMG_3111 IMG_3112 IMG_3114 IMG_3118 IMG_3119 IMG_3121 IMG_3122 IMG_3129 IMG_3131 IMG_3141 IMG_3142 IMG_3144 IMG_3145 IMG_3146 IMG_3147 IMG_3155 IMG_3156 IMG_3157



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *