У тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паспяхова рэалізуецца праект “Прыгажосць, якая лечыць”

Актуальное

супрацоўнікі ТЦСАН Алена Лабуць і Анастасія Якушава займаюцца азеляненнем тэрыторыі
супрацоўнікі ТЦСАН Алена Лабуць і Анастасія Якушава займаюцца азеляненнем тэрыторыі

Вясна, якую ўсе мы ў гэтым годзе так доўга чакалі, і халоднае дажджлівае лета, без сумнення, уносяць свае карэктывы ў нашы планы, але, тым не менш, варта адзначыць, што і ў гэтым годзе  Шаркаўшчына не страціла сваё непаўторнае аблічча. Асаблівую ўтульнасць нашаму невялікаму раёну  надаюць прыгожыя добраўпарадкаваныя двары жылых дамоў з вялікай колькасцю рознакаляровых кветак, дэкаратыўных кустарнікаў і раслін, а таксама, дагледжаная, з густам аформленая тэрыторыя вакол арганізацый і ўстаноў райцэнтра. Прыгажосць вакол нас ствараюць звычайныя людзі, працавітыя, творчыя, неабыякавыя да сваёй роднай зямлі.

Кветкі і дэкаратыўныя расліны  для нас — не проста прыгажосць. Гэта яшчэ і маленькія лекары, якія дапамагаюць гаспадыням перамагчы стомленасць і дораць цудоўны настрой. Адно з самых прыгожых і ўтульных месцаў на вуліцы 17 верасня ў нашым гарадскім пасёлку — тэрыторыя побач з будынкам былой Шаркаўшчынскай школы, у якім зараз размяшчаюцца аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — дзённага прабывання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту. Азеляненнем прылеглай тэрыторыі займаюцца самі супрацоўнікі цэнтра, якія працуюць у аддзяленнях, а дапамагаюць ім жыхары раёна — наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў. Сумесная работа спорыцца і ў тэрытарыяльным цэнтры паспяхова рэалізуецца праект “Прыгажосць, якая лечыць”.

— Рабочыя ад аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама вясной высаджваюць нам кветкі. А добраўпарадкаваннем свайго двара мы займаемся самі: фарміруем клумбы і стараемся прыгожа іх аформіць, вырошчваем расаду, даглядаем за раслінамі, кустарнікамі і кветкамі, далучаем да гэтай работы сваіх наведвальнікаў, — паведаміла загадчыца аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН Таццяна Мар’янаўна Клімза. — Працатэрапія дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі навучыцца новым відам дзейнасці. Для многіх догляд за раслінамі — стаў сапраўдным захапленнем. І калі наведвальнікі нашага аддзялення прыходзяць да нас на заняткі, іх радуе прыгажосць кветак, вырашчаных сваімі рукамі. Таму яны з задавальненнем займаюцца азеляненнем разам з намі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *