Парадак на дарогах — важная тэма, якая хвалюе многіх людзей, бо кожны чалавек з’яўляецца ўдзельнікам дарожнага руху — ці пешаходам, ці вадзіцелем. Як падтрымліваецца парадак на дарогах, што робіцца для зніжэння аварыйнасці, якія парушэнні правіл дарожнага руху найбольш распаўсюджаныя — гэтыя і іншыя пытанні адрасоўваем начальніку аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС А. М. ПРОТАСУ.
— Андрэй Міхайлавіч, раскажыце пра аварыйнасць на дарогах раёна.
— У 2011 годзе зафіксаваны 12 ДТЗ, у выніку якіх загінулі 2 чалавекі, 10 атрымалі раненні. За апошнія гады на тэрыторыі раёна назіраецца зніжэнне аварыйнасці. Да параўнання: у 2004 годзе адбыліся 24 аварыі, у 2006 — 18, у 2008 — 13. У мінулым годзе зафіксаваны 3 ДТЗ з удзелам матацыклістаў, адна аварыя з удзелам дзіцяці. Прычынай чатырох аварый сталі нецвярозыя вадзіцелі, “аўтарамі” дзесяці здарэнняў —прыватныя аўтаўладальнікі.
— А якіх правапарушэнняў найбольш?
— Усяго ў 2011 годзе выяўлена 3613 парушэнняў правіл дарожнага руху. Найбольш распаўсюджаныя — парушэнне правіл эксплуатацыі аўтатранспарта (1037 фактаў) і перавышэнне хуткасці (999 фактаў). За год выяўлена 119 фактаў кіравання транспартам у нецвярозым стане, у тым ліку 37 выпадкаў, калі кіроўцы знаходзіліся за рулём службовага аўтамабіля. 36 вадзіцеляў былі паўторна на працягу года затрыманы за тое, што селі за руль у нецвярозым стане. Амаль тры сотні вадзіцеляў пакараны за тое, што ехалі, не маючы пры сабе дакументаў на права кіравання, 79 — без дагавору аб абавязковым страхаванні. Трэба адзначыць, што да адказнасці прыцягнуты 545 пешаходаў і веласіпедыстаў.
— Андрэй Міхайлавіч, прадстаўнікі якіх арганізацый найчасцей парушаюць правілы дарожнага руху?
— 17 парушэнняў у вадзіцеляў і механізатараў ААТ “Агратэхсэрвіс”, 8 — ААТ “Даватарскі”, 7 — ААТ “Княж”, 6 — КУВСП “ Гарадзец”. За год затрыманы 8 нецвярозых кіроўцаў з ААТ “Агратэхсэрвіс”, 4 — з ААТ “Даватарскі”, 3 — з ААТ “Васюкі”.
— Што робіцца для таго, каб зменшыць колькасць правапарушэнняў і палепшыць сітуацыю на дарогах?
— Асноўнае — гэта прафілактычная работа. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі рэгулярна праводзяць сустрэчы у калектывах — у мінулым годзе іх арганізавана 343. У тым ліку 172 разы прадстаўнікі аддзялення ДАІ пабывалі ў працоўных калектывах, праведзены 132 сустрэчы ў навучальных установах. Вельмі важная прафілактычная работа з дзецьмі. Тут трэба задумацца дарослым: які прыклад мы паказваем дзецям, ці не парушаем самі правілы? Бацькі, памятайце, што вашы дзеці бяруць прыклад з вас!
Хочацца засяродзіць увагу службовых асоб на тым, каб яны больш адказна падыходзілі да справы. Ніхто не адмяняў прадрэйсавы кантроль вадзіцеляў і механізатараў. Нельга выпускаць на лінію няспраўны транспарт, або які не прайшоў тэхагляд.
— Андрэй Міхайлавіч, падзяліцеся планамі на будучыню.
— У далейшым Дзяржаўтаінспекцыя будзе прыкладваць усе намаганні для таго, каб зрабіць шаркаўшчынскія дарогі больш бяспечнымі. Будзе ўзмоцнены кантроль за ліхачамі, якія парушаюць хуткасны рэжым. Удзелім больш увагі пешаходам, веласіпедыстам, матацыклістам, кіроўцам гужавога транспарта. Удзельнікам дарожнага руху трэба ўзяць за правіла быць больш уважлівымі і дысцыплінаванымі на вуліцы і дарозе. Гэта дазволіць пазбегнуць непрыемнасцей, а таксама будзе магчымасць зэканоміць грошы для сямейнага бюджэту.
— Дзякуй за размову!
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА
