«Звязаць свой лёс з арміяй» Гутарка з ваенным камісарам райваенкамата Андрэем Дубовікам

Актуальное

Перад Днём абаронцаў Айчыны мы пагаварылі з ваенным камісарам райваенкамата Андрэем Вітольдавічам Дубовікам пра ўмовы паступлення ў ваенна-вучэбныя ўстановы нашай краіны, пра перавагі такога выбару. Змешчаная тут інфармацыя можа быць карыснай юнакам і іх бацькам пры выбары жыццёвага шляху і будучай прафесіі.
— Андрэй Вітольдавіч, раскажыце, у якія канкрэтна ваенна-вучэбныя ўстановы мае магчымасць паступіць шаркаўшчынскі выпускнік?
— У Беларусі кадры для Узброеных Сіл і іншых сілавых ведамстваў рыхтуюць шэраг навучальных устаноў. Галоўная з іх, вядома, Ваенная акадэмія. Тут прадстаўлены разнастайныя спецыяльнасці на наступных факультэтах: агульнавайсковым, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, авіяцыйным, унутраных войск, ваеннай разведкі. Ваенным можна стаць, закончыўшы БДУ. Па профільных спецыяльнасцях лейтэнантаў рыхтуюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржуніверсітэце транспарта, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Дыпломы ваенных урачоў атрымліваюць выпускнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Спецыялістаў-авіятараў для Узброеных Сіл рыхтуюць у Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы. Таксама ёсць магчымасць прайсці навучанне ў 10 ваенна-вучэбных установах Расійскай Федэрацыі. Адразу хачу сказаць, што набору дзяўчат ва ўстановы, што вядуць падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для арміі, у гэтым годзе няма.
— Што трэба зрабіць маладому чалавеку, каб стаць абітурыентам названых устаноў?
— Усё вельмі проста, патрабуецца прыйсці да 1 красавіка ў райваенкамат і напісаць заяву. Пасля чаго ў нас яны пройдуць медыцынскую камісіі і папярэдні прафесійны адбор. Калі акажацца, што яны адпавядаюць патрабаванням, з 10 красавіка па 31 мая яны павінны прайсці канчатковы прафадбор і медкамісію ў ваенным камісарыяце Віцебскай вобласці. А з 16 па 25 ліпеня па нашым накіраванні паедуць з патрэбнымі дакументамі і вынікамі тэсціравання у выбранае ВНУ ужо для праходжання мандатнай камісіі. Там яны здаюць фізічную падрыхтоўку. Трэба сказаць, што без здачы неабходных нарматываў, хоць юнак будзе круглым выдатнікам, на вучобу ён залічаны не будзе.
— А што гэта за нарматывы і ці складана іх здаць?
— Нарматыўныя патрабаванні наступныя: бег на 100 м — 14,8 с, падцягванне на перакладзіне — 9 разоў, бег на 1,5 км — 6 мін. 06 сек. Увогуле, я гаварыў з выпускнікамі, з настаўнікамі фізкультуры, гэтыя нарматывы па сіле для нармальна фізічна развітага дзевяцікласніка.
— А складана паступіць у ваенна-вучэбную ўстанову?
— Як і ўсюды, гэта залежыць ад факультэта, спецыяльнасці. Дзесьці конкурс больш, дзесьці меней. Але ў сярэднім, прыкладна, 2 чалавекі на месца.
— Андрэй Вітольдавіч, пералічыце, у чым заключаюцца плюсы такога выбару для юнака і яго бацькоў?
— Пачнем з таго, што курсант падчас вучобы знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, яму прадастаўляюць бясплатнае жыллё (першыя два гады гэта казарма, потым — інтэрнат), кормяць (паўнацэннае трохразавае харчаванне), апранаюць. Штомесяц курсантам выплачваецца грашовае забеспячэнне ў памеры 791 тысяча беларускіх рублёў плюс штогод выдаецца матэрыяльная дапамога ў памеры 747 тысяч рублёў. Пасля заканчэння выпускнік атрымлівае дыплом па абранай спецыяльнасці агульнадзяржаўнага ўзору. Гэта значыць, што ён раўназначны таму, што атрымлівае звычайны студэнт, плюс ваенная спецыялізацыя. Дадам, што ў працэсе вучобы ў Ваеннай акадэміі кожны курсант бясплатна праходзіць навучанне на вадзіцеля катэгорый В і С з правам на здачу ў ДАІ. Не сакрэт, што ваенныя атрымліваюць нядрэнныя грошы. Так, выпускаюцца курсанты са званнем лейтэнанта і пры пачатку службы іх заробак сёння  налічвае  2 421 000 рублёў плюс штогадовая матэрыяльная дапамога 3 829 500. Але не будзем забываць, што пасля вучобы патрабуецца абавязкова адслужыць пяць гадоў на афіцэрскай пасадзе на тэрыторыі нашай краіны.
— А ўвогуле, з вашай папярэдняй практыкі, ці шмат шаркаўшчынскіх юнакоў выбіраюць навучанне ў ваенна-вучэбных установах?
— На жаль, не. Большасць юнакоў ідуць вучыцца ў вучэбныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Я думаю, звязана гэта з тым, што на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна няма воінскіх часцей, і хлопцы проста не маюць перад сабой нагляднага прыкладу, які мог бы выклікаць жаданне стаць ваенным. Калі пасля дадзенага інтэрв’ю нехта праявіць цікавасць, па больш падрабязную інфармацыю можна звяртацца ў ваенкамат па тэлефоне 4-14-34 ці непасрэдна да мяне па нумары 8033 306-28-32 (МТС).
— Андрэй Вітольдавіч, наша гутарка праходзіць напярэдадні 23 лютага, вашы пажаданні з нагоды свята?
— У Дзень абаронцаў Айчыны віншую ўсіх, хто выбраў службу ва Узброенных Сілах нашай краіны сваёй прафесіяй, таксама усіх, хто выконваў і выконвае цяпер свой воінскі абавязак у арміі. Жадаю ім здароўя, дабрабыту, поспехаў, а таксама не забываць, што выступаць у ролі абаронцы сваёй краіны, сям’і — гэта ганаровы абавязак кожнага мужчыны.
Гутарыў Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *