— Вось такі хлопец! — паказвае падняты вялікі палец рукі начальнік Шаркаўшчынскага філіяла «Віцебскаблпаліва» Міхаіл Фамянок, ведучы мяне знаёміць з Андрэем Сілавым. — Ён заняты ў нас на распілоўцы дроў з лістапада мінулага года, зарэкамендаваў сябе добра, працаваць не лянуецца, Сустракаем Андрэя з бензапілой каля вялізных кучаў бярвёнаў. Завозяцца яны сюды па чыгунцы і прызначаны для забеспячэння насельніцтва гарадскога пасёлка палівам. Вось Андрэй разам са сваім напарнікам Андрэем Сінкевічам і займаецца іх распілоўваннем на качулкі. Як бачна, аб’ём працы ў яго вялізны, у дзень наразаецца каля 10-15 кубоў, гэта, прыкладна, дзве машыны дроў. Ленавацца і прастойваць не прыходзіцца, бо ад выкананых аб’ёмаў залежыць заробак. Работа такая, што ўвесь дзень пры любым надвор’і даводзіцца праводзіць на вуліцы, нават пры вялікіх маразах, якія былі нядаўна. — Але мароз, нават вялікі, нам нястрашны, — гаворыць Андрэй. — Замярзаць няма калі, пакуль бярвёны распілуеш, пакуль качулкі складзеш у кучу — пот ручаём цячэ. Вось калі снег ідзе, працаваць значна горш. Такім чынам выконвае Андрэй Сілаў сваю частку працы — трэба сказаць, далёка нялёгкай — каб у дамах шаркаўчан нават у самыя моцныя маразы было цёпла. Андрэй БУРЭЦ
