
Павіншаваць жанчыну і яе родных з такой знакавай датай завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі былога райспажыўтаварыства Ірына Мар’янаўна Хрол, старшыня прафсаюзнай арганізацыі УП “Полацкая ўніверсальная база” на тэрыторыі нашага раёна Алена Аркулянаўна Шкель, якія ўручылі юбілярцы кветкі і вялікі торт да свята.
Ірына Раманаўна нарадзілася ў 1927 гозе і ўсё жыццё пражыла ў нашым гарадскім пасёлку. Звыш 40 гадоў адпрацавала прадаўцом у сістэме спажывецкай кааперацыі раёна.
Юбілярка выхавала дваіх дзяцей, у яе чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў. Зараз разам з Ірынай Раманаўнай пражывае яе родная сястра Вольга Раманаўна Ляснеўская, якая на два гады маладзейшая. Усе родныя, якія жывуць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў Латвіі, імкнуцца як мага часцей наведваць сваіх бабуль, якія ўсё жыццё былі для іх надзейнай апорай і падтрымкай. Вось і на юбілейны дзень нараджэння да Ірыны Раманаўны завітала звыш 20 чалавек родных і сяброў, суседзяў, з якімі заўсёды жылі душа ў душу. Былі віншаванні і пажаданні здароўя і доўгага веку за святочным сталом.
А дачка юбіляркі Аліна Мілецьеўна, якая пастаянна пражывае ў горадзе Рыга і кожны год прыязджае на два месяцы да сваіх родных жанчын, адзначыла наступнае:
— Заўсёды буду ўдзячна сваім бацькам, а таксама хроснай маці Вользе Раманаўне за дапамогу і падтрымку, за тое, што дапамагалі выхоўваць унукаў. Кожнае лета мае дзеці адпачывалі ў дзядулі і бабулі, якія іх многаму навучылі, у тым ліку ганарыцца сваёй сям’ёй, якая, дзякуючы прадстаўнікам нашага старэйшага пакалення, заўсёды была моцнай. Асаблівыя словы падзякі хачу выказаць у адрас работніка ТЦСАН Марыны Георгіеўны Гарбуз, якая даглядае двзвюх маіх родных жанчын, вельмі ўдзячна і сваёй сяброўцы дзяцінства Марыі Генрыхаўне Вітко, якая таксама заўсёды дапамагае маці.
Юбілей — гэта не проста дзень нараджэння, а, напэўна, своеасаблівая мяжа паміж пражытымі этапамі жыцця. Вялікую павагу выклікаюць людзі, якія дажылі да 90-гадовага юбілею. У ліку такіх жыхароў нашага раёна — шаркаўчанка Ірына Раманаўна Чабатаронак.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
