На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне “Аб закупе лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва ў 2011 годзе”. З інфармацыяй выступіў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Ю. Г. Лабуць.
Адзначым, што гэтая работа ў раёне праводзіцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян”. На працягу 2011 года многія праблемныя пытанні былі разгледжаны на пасяджэннях райвыканкама, сесіях і прэзідыумах раённага і сельскіх Савета дэпутатаў, вырашаліся ў рабочым парадку.
Закупам малака ў насельніцтва каля трох год займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны заключаюць з кожным малаказдатчыкам дагаворы, у якіх абумоўліваюцца ўмовы прыёмкі прадукцыі, яе якасныя характарыстыкі, аплата. Збор малака ажыццяўляецца на аўтамабілях, што дазваляе аператыўна выконваць гэтую работу нават у аддаленых населеных пунктах і дастаўляць прадукцыю на малаказавод. Паралельна вырашылася і другое пытанне — створаны дадатковыя рабочыя месцы.
З насельніцтвам пастаянна праводзіцца растлумачальная работа па ўсіх пытаннях закупу малака, разлік — па дзесяцідзёнках, выплата і даплата ажыццяўляюцца своечасова як пералічэннем на рахункі ў банках, так і наяўнымі грашыма.
Вырашэнне ўсіх арганізацыйных пытанняў, нягледзячы на значнае скарачэнне пагалоўя кароў у насельніцтва, дазваляе практычна ўтрымлівацца на запланаваным узроўні па валаваму збору малака і нават прыбаўляць яго колькасць на адну карову. Вось толькі некаторыя лічбы. Індывідуальнымі прадпрымальнікамі закуплена летась 6759,6 тоны малака, што складае 92 працэнты да ўзроўню папярэдняга года. На карову — 3200 кілаграмаў, плюс да леташняга 149 кілаграмаў. Добра папрацавалі ў гэтым напрамку выканкамы Іёдскага, Радзюкоўскага і Германавіцкага сельсаветаў. А вось у Лужкаўскім і Станіславоўскім сельвыканкамах яўна недапрацавалі і таму гэтаму пытанню неабходна надаць больш увагі сёлета.
Найбольшая колькасць малака закуплена ПУП “МолТрансЭкспрэс” — 552,8 тоны або 104 працэнты да 2010 года, на карову — 3685 кілаграмаў. Самы высокі паказчык у індывідуальнага прадпрымальніка У. Глінскага (вал — 381,4 тоны, на карову — 3.755 кілаграмаў).
Другое не менш важнае пытанне — кантрактацыя маладняку буйной рагатай жывёлы. За 2011 год знята 892 галавы, што складае 77 працэнтаў ад закантрактаваных. Добра папрацавалі на тэрыторыі Валожынскага сельскага Савета. З кантрактацыі знята 96 галоў маладняку або 101 працэнт да запланаванага. Ніжэй сярэднераённага паказчыкі па Германавіцкаму і Лужкаўскаму сельсаветах. Сярод сельгаспрадпрыемстваў з лепшага боку можна адзначыць ААТ “Юдыцына” (136 працэнтаў), “Агратэхсэрвіс” (107 працэнтаў), “Ельня-Агра” (105 працэнтаў).
На працягу 2011 года сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна ў поўнай меры забяспечылі насельніцтва ўчасткамі для пасьбы жывёлы, праводзіліся работы па іх паляпшэнню — падкос і падкормка, штодзённа падвозілася неабходная колькасць вады. Выпас жывёлы ажыццяўляўся ў электрапастухах.
Пасля абмеркавання пытання была прынята адпаведная пастанова, у якой адобрана арганізатарская работа па закупу малака ў Іёдскім, Радзюкоўскім і Германавіцкім сельскіх Саветах, па кантрактацыі цялят — у Іёдскім, Станіславоўскім і Більдзюжскім сельсаветах. Адначасова адзначана недастатковая актыўнасць па арганізацыі закупу маладняку ў Германавіцкім (ААТ “Княж”) і Лужкаўскім (КУВСП “Гарадзец”) сельскіх Саветах. Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама накіравана хадайніцтва аб прыняцці адпаведных мер да кіраўніцтва ААТ “Княж” за невыкананне задання па зняццю з кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы ў 2011 годзе.
З мэтай выпраўлення становішча сельскім Саветам дэпутатаў неабходна актывізаваць работу па арганізацыі закупу лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, штоквартальна разглядаць гэтыя пытанні на пасяджэннях і кантраляваць ход іх выканання.
На сесіі раённага Савета дэпутатаў у сакавіку 2011 года зацверджана раённая праграма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2011—2015 гады. Зыходзячы з яе параметраў, старшыням сельскіх Саветаў, кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый і іх намеснікам па ідэалагічнай рабоце патрэбна накіроўваць свае намаганні на безумоўнае яе выкананне.
Эдуард КОРСАК
