Як паведамлялася раней, 10 студзеня на пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2011 год. Пры іх абмеркаванні адзначалася і станоўчае, і адмоўнае. На жаль, апошняга было значна больш.
Вельмі ўразіла інфармацыя першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ю. Г. Лабуця, які параўнаў раённыя паказчыкі з сярэднеабласнымі і іншых рэгіёнаў. Неяк крыўдна стала, калі цераз радок паўтаралася: тут на апошнім, тут на перадапошнім, тут чацвёртыя ці пятыя ў ніжняй частцы зводкі. І толькі па надоях малака на карову (3862 кілаграмы, што менш папярэдняга года на 118 кілаграмаў) займаем месца ў залатой сярэдзіне. Чаму так? Дзе пралікі ў вядзенні жывёлагадоўлі? Няўжо нельга нейкім чынам, а спецыялісты абавязаны гэта ведаць, пазнаёміцца з перадавымі тэхналогіямі ўтрымання дойнага статка і маладняку буйной рагатай жывёлы ў перадавых гаспадарках вобласці. Пазнаёміцца і прымяніць у сябе, прывязаўшы да мясцовых умоў. Тым больш, што такое патрабаванне не адзін раз выказваў старшыня райвыканкама М. В. Морхат.
А на сённяшні дзень, хаця і кармоў было нарыхтавана на зімоўку ў дастатковай колькасці, сітуацыя патрабуе карэннага паляпшэння. У час работы над дадзеным артыкулам давялося пазнаёміцца з даведкай, якая была падрыхтавана напярэдадні пасяджэння райвыканкама. Вось толькі некаторыя вытрымкі:
“…рост валавых прываг буйной рагатай жывёлы за 2011 год склаў 99,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Заданне выканана толькі на 86,4 працэнта”;
“…сярэднясутачныя прывагі БРЖ — 552 грамы, што на 15 грамаў больш узроўню папярэдняга года і на 98 грамаў менш задання. Ніжэй за 500 грамаў яны ў сельгасарганізацыях “Княж” (438), “Ельня-Агра” (480), “Васюкі” (451), “Буеўшчына” (449), імя Маркава (464)”;
“…валавая вытворчасць малака за 12 месяцаў склала 98,9 працэнта да ўзроўню мінулага года. Знізілі тэмпы па яго вытворчасці ў сельгасарганізацыях “Даватарскі” (98,5 працэнта), “Княж” (97,5 працэнта), “Ельня-Агра” (98,5 працэнта), “Васюкі” (91,5 працэнта), “Жвіранка” (91,1 працэнта), “Гарадзец” (90,5 працэнта), імя Маркава (96,6 працэнта). І толькі ў ААТ “Агратэхсэрвіс” яго атрымалі на 12,9 працэнта больш”;
“…колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 1 студзеня 2012 года склала 29.317 галоў, што складае 97,7 працэнта да ўзроўню 2010 года”;
“…нізкай застаецца пастаўка жывёлы на мясакамбінаты ад агульнай рэалізацыі — 71,9 працэнта пры заданні не менш 90. Горш за іншых гэты паказчык у сельгаспрадпрыемствах “Даватарскі” (60,7), “Васюкі” (62,6), імя Маркава (66,3), “Гарадзец” (66,9)”;
“…за 2011 год атрымана 9203 цяляці, што на 579 менш узроўню папярэдняга года. Найбольшы “мінус” у ААТ “Даватарскі” (-193), “Княж” (-198), “Буеўшчына” (-157), “Жвіранка” (-127)”;
“…за студзень—снежань 2011 года непрадукцыйнае выбыццё цялушак у сельгаспрадпрыемствах склала 21 працэнт, што больш на 3 працэнты адпаведнага перыяду папярэдняга года”.
Вось такія несуцяшальныя вытрымкі, якія даволі адмоўна характарызуюць вынікі работы ў жывёлагадоўлі. І ўпаўне заканамерна, што райвыканкам прызнаў работу ўпраўлення райсельгасхарчу нездавальняючай. Канкрэтныя прэтэнзіі прад’яўлены да кіраўніцтва і спецыялістаў ААТ “Даватарскі”, “Княж”, “Жвіранка”, “Васюкі”, КУВСП “Гарадзец” і іншых, якія найчасцей успамінаюцца з негатыўнага боку за дапушчаныя пралікі ў вядзенні жывёлагадоўчай галіны.
Ад упраўлення райсельгасхарчу, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў патрабавана змяніць падыходы да арганізацыі работ, на працягу года ліквідаваць указаныя вышэй мінусы і на аснове гэтага значна палепшыць эканамічныя паказчыкі гаспадарчай дзейнасці.
Чаму так названы артыкул? Справа ў тым, што ў кожнага чалавека, асабліва кіраўніка, ёсць такая рыса характару, як самалюбства. І разглядаць гэтае слова патрэбна не з пазіцыі “любіць сябе”, а намнога шырэй і глыбей. Любіць справу, за якую адказваеш, імкнуцца выканаць даведзенае заданне ў тэрмін і з высокай якасцю. Каб потым не сорамна было глядзець людзям у вочы за непрадуманае рашэнне, якое не прыбытак прынясло, а давяло да чарговых страт. Шаркаўчане — працавітыя людзі. І такое неаднаразова падкрэслівалася на нарадах розных узроўняў. Дык чаму па шэрагу паказчыкаў у жывёлагадоўлі мы ўступаем калегам з Расон, Ушач, Чашнікаў, нашых суседзяў з Глыбокага, Пастаў, Міёр і Браслава. Умеем жа працаваць!
А вось адказнасці за прымаемыя самастойна рашэнні некаторым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў яўна не хапае. Кіраўніцтва раёна, асабіста старшыня райвыканкама М. В. Морхат, канкрэтна нацэльваюць кадры на плённую і высокаэфектыўную працу, але гэтае нацэльванне, хаця і патрабаванні прад’яўляюцца даволі жорсткія, разбіваюцца на месцах аб адсутнасць самалюбства і адказнасці. Адсюль і маем тое, што маем. А каб узняцца на некалькі прыступак на эканамічнай лесвіцы, неабходна глыбокае ўсведамленне не толькі займаемай пасады, а і адказнасці за яе, за лёс і дабрабыт тых, з кім працуеш і паўсядзённа кантактуеш у імя агульнай справы — паспяхова пераадолець наступствы сусветнага крызісу і зрабіць наша жыццё больш заможным.
Эдуард КОРСАК
