Як зрабіць жыццё на сяле насычаным і цікавым? Адказ ведае загадчыца Ручайскай бібліятэкі Вольга Чаранок

Актуальное

Як арганізаваць вольны час на сяле? Гэта пытанне гучыць з самых высокіх трыбун. Адказ на яго ведае загадчыца Ручайскай бібліятэкі Вольга Чаранок. Маладая дзяўчына з’яўляецца ініцыятарам правядзення цікавых мерапрыемстваў. Яе ініцыятывы на “ўра” успрымаюцца мясцовай моладдзю. Хлопцы і дзяўчаты заўсёды аказваюць падтрымку Вользе Чаранок. Разам ім удаецца зрабіць цікавым жыццё сельскай моладзі. Вось некалькі канкрэтных прыкладаў. Расказвае Вольга Станіславаўна Чаранок: “11 лютага — Сусветны дзень хворага, у сувязі з гэтым у бібліятэцы была праведзена гульня-віктарына «Здароўе — гэта выдатна». У ёй удзельнічалі 3 каманды «Усмешкі», «Чысцёхі» і «Здаравякі». Удзельнікамі сталі навучэнцы 2—9 класаў: Іра Бука, Арцём Клакоўскі, Наташа Рубніковіч, Вераніка Трубіла, Маша Талдыкова, Дыяна Клакоўская,  Лена Трубіла і Даша Бука.
Гульня складалася з 8 конкурсаў. «Дэвіз», у якім абавязкова павінны были прысутнічаць словы чысціня, спорт, рэжым, адпачынак ці вітаміны. Другі конкурс зваўся «Сінонімы» — трэба было падабраць сінонімы да дзеясловаў мыцца, аблівацца, бегаць, спаць. Трэці іспыт — «Хада спартсмена», трэба было намаляваць штангіста, бегуна, плыўца ці лыжніка.
Самым вясёлым стаў конкурс «Здароваму ўсё выдатна», у якім дзеці паказвалі разнастайны смех.
Таксама былі праведзены конкурсы «Праўда што…?», «Маё пытанне — ваш адказ», «Бліц-турнір». Апошні іеў назву «Здароўе», дзе трэба было на кожную літару гэтага слова знайсці словы, якія маюць дачыненне да здароўя і здаровага ладу жыцця.
Дзеці слухалі пра цікавыя факты: «Чаму ад ласункаў з’яўляюцца дзіркі ў зубах?» і «Чаму ўсе дзеці так любяць салодкае?».
Здароўе — неацэннае шчасце ў жыцці любога чалавека. Кожнаму з нас уласціва жаданне быць моцным і здаровым, захаваць як мага даўжэй рухомасць, бадзёрасць, энергію і дасягнуць даўгалецця. Спадзяюся, што гульня не прайшла дарэмна, і дзеці даведаліся шмат карыснай інфармацыі.
У дзень Святога Валянціна ў Гуркаўскай школе была праведзена шоу-праграма «Каханне з першага погляду”, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі моцнай паловы Сяргей Смірноў, Рома Паныш, Коля Хірлюк, Арцём Лагунёнак, Стас Грыгаровіч, Валера Баговіч, а таксама дзяўчаты Оля Пяцько, Дыяна Клакоўская, Лена Трубіла, Насця Шудзель, Дыяна Чыслаўская і Ксюша Аляксеева. Ім былі прапанаваны разнастайныя конкурсы: акцёрскага майстэрства, дэманстрацыя сваёй сілы (армрэслінг). Таксама маладыя людзі адказвалі на лагічныя пытанні, шукалі выйсце з сітуацый, танцавалі.
Пасля таго, як удзельнікі абралі сабе другую палову, супалі толькі дзве пары: Оля Пяцько і Коля Хірлюк, Ксюша Аляксеева і Сяргей Смірноў. Але па апладысментах вызначылі ідэальную пару — Олю і Колю.
Для іх была праведзена супергульня, каб праверыць наколькі добра яны ведаюць адзін аднаго. З 6 пытанняў правільных адказаў было 4 і значыць у іх было права на 4 «стрэлы» у прызавое табло. Параіўшыся, яны абралі лічбы: 1, 2, 3 і 5, і ў падарунак атрымалі ручкі — пісаць адзін аднаму любоўныя лісты, бірульку — для ключоў ад будучай сумеснай кватэры, лядзяшы на палачцы — каб жыццё было салодкае і набор алоўкаў — каб намаляваць выдатную карціну для сваёй будучай кватэры.
На гэтай урачыстай ноце шоу-праграма скончылася. Аднак 15 лютага быў працяг свята, толькі ўжо ў Ручайскай бібліятэцы, дзе іх чакала прэзентацыя кніжнай выставы “З каханнем вам не пазбегнуць спаткання». Першы раздзел называўся «Каб хоць на міг уваскрэсла каханне», дзе былі сабраны лепшыя вершы Якуба Коласа, Цёткі, Пятруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Тамары Красновай-Гусачэнка, Канстанцыі Буйло і многіх іншых, бо калі чытаеш іх вершы, чалавека ахоплівае хвалюючае пачуццё бясконцасці жыцця, яго напоўненасці.
Другі раздзел называўся «Колер кахання», у якім распавядалася не толькі пра ўзнёслае, рамантычнае і шчаслівае каханне, але і пра першыя сур’ёзныя іспыты, першыя жыццёвыя «апёкі». Аўтарамі такіх твораў з’яўляюцца Янка Брыль (“Галя”), Вячаслаў Адамчык («Урок арыфметыкі”), Іван Шамякін («Першае спатканне”), Аляксей Карпюк (“Белая дама”) і іншыя.
У творах, якія былі прадстаўлены на гэтай выставе, пісьменнікі распавядаюць пра жыцце, якое не можа існаваць без кахання.
“Без кахання шчасця, долі
Няма на зямлі”.
Я. Купала.
Так давайце кахаць і быць каханымі!”.
Таму нельга рабіць высновы, што ў вёсцы моладзі не цікава жыць. Усё залежыць ад саміх хлопцаў і дзяўчат. Галоўнае, каб на месцы аказаўся чалавек, які можа згуртаваць вакол сябе маладых. Прыемна, што ў вёсцы Ручай такім лідарам аказалася Вольга Чаранок. Думаецца, што ў многіх населеных пунктах ёсць такія арганізатары. Калі так, то пішыце нам і дзяліцеся сваімі планамі і ўражаннямі.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *