—

На працягу апошніх месяцаў універсам № 5, што знаходзіцца на вуліцы Максіма Горкага, набыў асаблівую папулярнасць сярод сваіх наведвальнікаў. Прычынай гэтаму стала адкрыццё ў будынку гандлёвага аб’екта міні-кандытарскага цэха, прадукцыя якога раскупляецца за лічаныя гадзіны.
— Сваім пакупнікам прапануем шырокі асартымент разнастайнай выпечкі, — паведамілі кандытары аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Алена Лявонцьеўна Нікалаева і Алена Мікалаеўна Пронька. — Найбольшым попытам карыстаюцца булачкі з начынкай, у якасці якой выкарыстоўваем яблыкі і капусту, згушчонае малако, шакалад, карыцу і тварог. Сярод нашых вырабаў — таксама пірагі з яблыкамі і тварагом, смятаннікі, пірожныя з вяршкамі і згушчоным малаком, торты, мядовікі. Прадукцыя міні-кандытарскага цэха рэгулярна пастаўляецца ў тры ўніверсамы гарадскога пасёлка, а таксама ў “Бістро”, кафэ і рэстаран. Штодзённая выручка ад рэалізацыі кандытарскіх вырабаў складае прыкладна 1 мільён рублёў.
Пэўная работа праводзіцца і для таго, каб павялічыць асартымент прадукцыі кандытарскага міні-цэха. Ўжо зусім хутка з дапамогай сучаснага абсталявання пачнём выпякаць свежы гарачы хлеб і багеты. А ў цяперашні час ва ўніверсаме № 5 прымаюцца заяўкі ад насельніцтва на выпечку тортаў для вяселляў, юбілеяў, іншых адметных дат. Напярэдадні 8 Сакавіка мужчыны могуць парадаваць сваіх палавінак прыгожым салодкім пачастункам. Цана торта вагой у 1 кілаграм на сённяшні дзень складае прыкладна 50 тысяч рублёў (без уліку кантэйнера).
Свежая выпечка кандытарскага міні-цэха пастаўляецца ў магазіны і пункты грамадскага харчавання штодзённа, акрамя суботы і нядзелі. Частыя наведвальнікі універсама № 5 ўжо добра ведаюць, у які прамежак часу патрэбна прыходзіць за салодкай прадукцыяй. Працэс выпякання завяршаецца прыкладна ў 12.00 і ў 16.00 гадзін, і адразу пасля гэтага салодкія і духмяныя пачастункі для шаркаўчан накіроўваюцца на прылаўкі ўніверсама.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ.

Гэта ж вельмі добра, калі выпечка ў гандаль паступае з пылу-жару. Але ж ці насамрэч усё так добра як напісана?
Штодзённая выручка — 1 мільён рублёў (дробязь), гэта пры тым, што прадукцыя пастаўляецца ў тры крамы, «Бістро» і рэстаран.
«Міні-кандытарскаму» жадаю плённай працы. Дай Божа, каб сучаснае абсталяванне было на карысць. Вельмі спадзяюся на тое, што ў мясцовых адмыслоўцаў, урэшце, атрымаецца «выпякаць свежы гарачы хлеб і багеты».
Хто ведае, магчыма і да нас за навукай паедуць тыя пекары, у каторых «гарачы свежы хлеб» не атрымліваецца.
Выбачайце за іронію.