Тае снег, пакідаючы смецце, а значыць надышоў час правесці адзіны санітарны дзень

Актуальное

З кожным днём усё мацней адчуваецца подых вясны, пад промнямі сонца практычна паўсюдна, акрамя лясоў, на тэрыторыі раёна растаяў снег, агаліўшы зямлю і ўсё тое, што накапілася за восеньска-зімовы перыяд. І малюнак, сказаўшы праўдзіва, не самы прыглядны. Значыць, ёсць неабходнасць актывізаваць дзейнасць насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў на правядзенне работ па добраўпарадкаванню. На гэтым моманце таксама была засяроджана ўвага старшыні райвыканкама М. В. Морхата ў час правядзення абласной селектарнай нарады. З гэтай нагоды сёння гутарка нашага карэспандэнта з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна У. Л. ГРАШЧАНКАМ.
— Уладзімір Леанідавіч, тэма не новая, бо практычна кожны год з надыходам вясны мы засяроджваем на ёй павышаную ўвагу.
—    Яе актуальнасць не здымаецца з парадку дня, але вясной па аб’ектыўных прычынах тэма добраўпарадкавання становіцца найбольш вострай. Менавіта таму яшчэ раз падкрэслю, што чарговым распараджэннем кіраўніка раёна кожная пятніца на тэрыторыі гарадскога пасёлка аб’яўляецца санітарным днём. Безумоўна, пасля некаторых узгадненняў, з улікам спецыфікі работы, запланаваныя работы можна выканаць і ў суботу. Добраўпарадкаваннем павінны займацца ўсе: насельніцтва, прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы. Задача банальна простая — навесці парадак, ачысціць вытворчыя тэрыторыі, мехмайстэрні, жывёлагадоўчыя фермы і комплексы ад накапіўшагася смецця і вывезці яго на палігоны цвёрдых бытавых адходаў.
—    Ніхто ж не адмяняў і распараджэнне райвыканкама “Аб замацаванні тэрыторый г. п. Шаркаўшчына за прадпрыемствамі і арганізацыямі”. Ці ўсе добрасумленна яго выконваюць?
—    Гэтае распараджэнне дзейнічае і сёння. Яна даслана ў кожную арганізацыю райцэнтра і яшчэ раз расказваць аб тым, хто, дзе, да якога месца абавязаны ачышчаць прылягаючую дарогу ці вуліцу няма неабходнасці. Кожны кіраўнік аб гэтым ведае і менавіта ён павінен трымаць пытанне на пастаянным кантролі і выконваць патрабаванні як райвыканкама, так і санітарнай службы раёна.
—    Якія санкцыі можа прымяняць ваша служба?
—    Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў на асоб, якія абавязаны захоўваць гэтыя правілы можа быць накладзены штраф ад 2-х да 30-ці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 50, на юрыдычную асобу — да 200 базавых велічынь.
Рашэннем раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нашы супрацоўнікі замацаваны за ўсімі аб’ектамі раёна і будуць ажыццяўляць пастаянны кантроль за санітарным утрыманнем тэрыторый і аб’ектаў вытворчага прызначэння, весці растлумачальную работу, прыкладваць намаганні для актывізацыі работы па добраўпарадкаванню з дапамогай дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў, насельніцтва. Упэўнены, што з пастаўленымі задачамі насельніцтва раёна справіцца. Больш патрабавальна мы будзем адносіцца і да службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
—    Уладзімір Леанідавіч, чысціня — залог здароўя. А як уплывае “смеццевая” безгаспадарчасць на наш арганізм?
—    Самы адмоўным чынам. Напрыклад, арганічныя рэшткі перагніваюць. Прадукты гніення трапляюць у грунтовыя воды, а потым у калодзежы. Харчовыя адходы спажываюць разносчыкі небяспечных захворванняў — грызуны, насякомыя. Моцны атручваючы эфект выклікаюць фарбы, батарэйкі, аккумулятары, энергазберагаючыя лямпы, лекі. Адсюль вынікае элементарны вывад, што добраўпарадкаваннем неабходна займацца пастаянна, хаця асноўныя аб’ёмы патрэбна выконваць у вызначаныя санітарныя дні. Будзем так рабіць, значыць створым вакол сябе прыгажосць, якой можна з добрым настроем любавацца як у рабочыя, так і выхадныя дні. Давайце прытрымлівацца гэтага правіла і выконваць прад’яўляемыя патрабаванні. Гэта ў імя нашага здароўя і нашай будучыні.
Гутарыў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *