
Рэдакцыя атрымала ліст ад ксяндза Аляксея Юркайця —адміністратара парафіі Мосар. У ім святар расказвае пра тое, што ў парафіі адбыліся рэкалекцыі, якія традыцыйна праходзяць у час Вялікага Посту. “У Мосары на могілках ўзведзены 14 капліц — сведчанняў пакут Хрыста. Таксама ў нас ёсць мосарская Кальварыя, дзе пахавана і графіня Бжастоўская (1791—1831 гг.) — адна з апошніх прадстаўніц роду фундатараў касцёла. Мосарская Кальварыя (Галгофа, крыжовы шлях Ісуса Хрыста) — гістарычнае месца пакланення вернікаў-каталікоў.
У пятніцу, 16 сакавіка, парафіяне прайшлі крыжовым шляхам і завяршылі

яго на гары Крыжоў, на якой намаганнямі памерлага ксяндза Юозаса Булькі 10 кастрычнiка 2004 годза быў устаноўлены велізарны крыж. Гэта падзея адбылася ў дзень 490-годдзя летапіснага ўспаміну Мосара. Дарэчы, у 2014 годзе будзе адзначацца юбілей вёскі — 500-годдзе.
Увечары, пасля крыжовага шляху, распачаліся святыя рэкалекцыі . Іх праводзіў афіцыял касцёльнага суда Віцебскай дыяцэзіі і душпастыр дзеркаўшчынскай парафіі ксёндз Віталь Галец. Святар дапамог нам перажыць навяртанне да Бога, знайсці шлях да святасці.
У час Вялікага посту вернікі ўдзельнічаюць у крыжовых дарогах і духоўных рэкалекцыях. Праз пакаянне аднаўляецца сувязь з Богам, умацоўваецца вера — найкаштоўнейшы скарб кожнага чалавека.”
Матэрыял падрыхтаваў Аляксандр БАРЫЛА
