Магазін «Хутарок» у Лужках запрашае пакупнікоў

Актуальное

Людміла Юр’еўна Крыўка і Яніна Іосіфаўна Крыўка запрашаюць за пакупкамі ў “Хутарок
Людміла Юр’еўна Крыўка і Яніна Іосіфаўна Крыўка 

Дзе купіць свежыя, якасныя і смачныя прадукты? Гэтае пытанне не хвалюе жыхароў аграгарадка Лужкі, на тэрыторыі якога знаходзяцца некалькі гандлёвых аб’ектаў. Асабліва прывабным для пакупнікоў, па словах саміх вясковых жыхароў, стаў магазін “Хутарок” — прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства, дырэктарам якога з’яўляецца Мікалай Мікалаевіч Крыўка. Усімі неабходнымі прадуктамі “Хутарок” забяспечвае мясцовае насельніцтва вось ужо на працягу 10 гадоў. А ўвогуле, сям’я Мікалая Мікалаевіча і Яніны Іосіфаўны Крыўка сваю прадпрымальніцкую дзейнасць пачынала яшчэ ў 1995 годзе, за гэты значны адрэзак часу муж і жонка разам прайшлі ўсе этапы прыватнага бізнесу, з яго ўзлётамі і падзеннямі.
Сёння “Хутарок”, дзякуючы адладжанай сістэме работы ўсяго калектыву, на адсутнасць пакупнікоў не скардзіцца. За 10 год свайго існавання магазін заваяваў давер пакупнікоў. Акрамя жыхароў аграгарадка Лужкі ў названы гандлёвы аб’ект прыязджаюць жыхары навакольных вёсак: Дворнава, Верацеяў, Гарадца, Дубоўкі, іншых населеных пунктаў. Як адзначаюць самі пакупнікі, у магазіне прадстаўлены шырокі спектр неабходных пакупнікам прадуктаў.
— Кожны дзень, акрамя нядзелі, у “Хутарку” можна купіць свежы хлеб і хлебабулачныя вырабы на любы густ, — паведаміла Яніна Крыўка, жонка дырэктара магазіна, якая да выхаду на пенсію 30 год была настаўніцай замежнай мовы ў Лужкаўскай сярэдняй школе. — Пакупніцкім попытам карыстаюцца кандытарскія вырабы і цукеркі ад вядомых беларускіх вытворцаў, шырокі выбар мясной, рыбнай і малочнай прадукцыі розных відаў, безумоўна, крупы, гарбата, кава, цукар, соль, безалкагольныя напіткі, шэраг харчовых тавараў на кожны дзень. У нашым невялікім магазіне вы знойдзеце і неабходныя прадукты да святочнага стала, у тым ліку садавіну і агародніну, у дастаткова шырокім асартыменце. Са многімі пастаўшчыкамі працуем напрамую, фарміруем невялікую гандлёвую нацэнку, таму і асацыіруемся ў людзей як “магазін нізкіх цэн”. Праводзім акцыі, робім скідкі. Пры гэтым нашы прадукты заўсёды свежыя і добрай якасці.
Магазінчык і сапраўды ўтульны, на паліцах усе неабходныя прадукты на любы густ. Акрамя харчовай групы тавараў яшчэ і сродкі гігіены, бытавая хімія, корм для катоў (нават у вёсцы ім цяпер не абавязкова лавіць мышэй), касметыка, некаторыя іншыя прамысловыя тавары.
У калектыве працуюць 3 прадаўцы: Іна Аляксееўна Баравік, Людміла Юр’еўна Крыўка і Наталля Міхайлаўна Дзянісава, Таццяна Гардзееўна Юхноўская — бухгалтар, Франц Бенядзіктавіч Лакотка — тэхработнік. За тэхнічнае абслугоўванне магазіна адказвае Андрэй Мікалаевіч Крыўка, сын дырэктара прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства.
— А ўвогуле хачу сказаць, — працягвае размову Яніна Іосіфаўна, — што работа ў сферы гандлю — творчая і цікавая, яе поспех залежыць ад умення размаўляць з людзьмі, прапанаваць ім неабходны тавар, расказаць аб яго якасцях, таксама важна прыгожа аформіць вітрыны і прылаўкі. А самае галоўнае — трэба любіць справу, якой займаешся і, у першую чаргу, арыентавацца на пажаданні сваіх пакупнікоў, улічваць іх меркаванне. Тым больш, што людзі ў Лужках вельмі добразычлівыя і шчырыя. У горадзе такіх у наш час не часта сустрэнеш. І працаваць з імі адно задавальненне.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *