
З якім пачуццём мы сустракаем прафесійнае свята? Тут шмат фактараў, якія значна ўплываюць на наш настрой. І адзін з іх — усведамленне таго, што тваёй працай задаволены людзі. Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна даволі складаная сістэма, а вырашыць усе ўзнікаючыя жыццёвыя праблемы на сто працэнтаў практычна немагчыма. І ўсё ж, мяркуючы па тым, як прыгажэе наш раённы цэнтр, змяншаецца колькасць пісьмовых скаргаў і тэлефанаванняў у рэдакцыю можна зрабіць вывад: калектыў работнікаў арганізацыі сустрэў сёлета сваё прафесійнае свята з добрымі паказчыкамі. І гутарка з дырэктарам УКП ЖКГ В. Ф. БУКАМ, у час якой ён адказаў на цікавячыя пытанні, атрымалася шчырай, без усялякіх спасылак на фінансавыя цяжкасці і кадравыя праблемы. Адчувалася, што ў кіраўніка няма дробязей, аб якіх ён не “у курсе”, дакладна аналізуе эканоміку, бачыць перспектыву, рэальна ацэньвае сітуацыю на сённяшні дзень. Што гэта сапраўды так, мяркуйце па адказах на пастаўленыя пытанні.
— Валянцін Францавіч, некалькі слоў аб структуры арганізацыі.
— У сувязі са змяненнем задач, якія даводзіцца вырашаць камунальнай службе, удасканальваецца і структура. На сённяшні дзень у ёй 12 галін. Асноўныя з іх наступныя: цякучы рамонт і ўтрыманне жыллёвага фонду, вытворчасць цеплавой энергіі, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, збор і вываз цвёрдых бытавых адходаў, добраўпарадкаванне і г. д. На балансе 10 дзейнічаючых кацельняў, тры з якіх у сельскай мясцовасці, абслугоўваем 15 кіламетраў цеплавых трас, 24 кіламетры водаправодаў, амаль 19 кіламетраў каналізацыйнай сеткі і 13 артэзіянскіх свідравін. Думаем і аб расшырэнні. Летась мы закупілі спецыяльнае абсталяванне і асвоілі выпуск жалезабетонных агароджаў, якія выкарыстаем на добраўпарадкаванне райцэнтра і рэалізуем у сельскую мясцовасць, цесна супрацоўнічаючы з выканкамамі сельскіх Саветаў. Сёлета ж будзем нарошчваць аб’ёмы прадукцыі ўласнай вытворчасці. Усімі гэтымі справамі займаюцца, уключаючы і ўпраўленчы апарат, 280 чалавек.
— Не загрувашчваючы свой адказ вялікай колькасцю лічбаў ахарактарызуейце вынікі работы за 2011 год.
— Ён быў для нас паспяховым. Са значным перавыкананнем даведзеных заданняў спрацавалі на нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва. У агульным балансе яны склалі 60 працэнтаў, адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Увялі ў дзеянне станцыю абезжалезвання, вада да яе паступае ад свідравін у раёне аграгарадка Пялікі, паспяхова асвоілі запланаваныя аб’ёмы работ па капітальнаму і цякучаму рамонту жыллёвага фонду, сабралі і адгрузілі неабходную колькасць другаснай сыравіны, хаця ўсе рэзервы тут далёка не вычарпаны.
— Валянцін Францавіч, наколькі вядома, сёлетні ацяпляльны сезон не быў для вас праблемным.
— У гэтай справе мы перабудавалі свае падыходы. Нармальна будзе функцыянаваць ацяпляльная сістэма тады, калі перад пачаткам сезона старанна да яе рыхтавацца. Зіма была мяккая, а раптоўныя моцныя маразы мы вытрымалі паспяхова, не дапусціўшы перападаў тэмпературы ў жыллёвым фондзе, адміністрацыйных і будынках іншага прызначэння. Калі і ўзнікалі няўвязкі, не без гэтага, то прымаліся адпаведныя аператыўныя меры.
— Адно з хвалюючых пытанняў для шаркаўчан — рэалізацыя праекта “Чыстая вада”. На якой стадыі знаходзімся?
— Як адзначана вышэй, дзве чаргі праекта забеспячэння жыхароў гарадскога пасёлка рэалізаваны за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця, працягваюцца работы на сёмай чарзе. Так што пэўная колькасць насельніцтва карыстаецца вадой, якая адпавядае ўсім нормам. Прыкладваем максімум намаганняў, своечасова афармляем неабходную дакументацыю. Прапрацоўваюцца далешыя шляхі фінансавання. Я ўпэўнены, што да 2015 года ўсе чэргі праграмы “Чыстая вада” будуць рэалізаваны. Паверце, што нам тут патрэбна выканаць вельмі вялікія аб’ёмы работ, і адным махам пры ўсялякім жаданні ачышчаная вада не паступіць у вашы дамы і кватэры. Давядзецца крыху пачакаць.
— Паспяхова рэалізаваць намечанае без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы немагчыма.
— Абсалютна правільна, папаўненне машынна-трактарнага парка новай тэхнікай — адна з першачарговых задач. І мы яе вырашаем паспяхова. Не буду пералічваць наяўную тэхнічную аснашчанасць, скажу толькі, што арганізацыя поўнасцю забяспечана адпаведнымі адзінкамі і механізмамі, на якіх працуюць у сваёй большасці падрыхтаваныя і кваліфікаваныя кадры.
— У час размовы мы непрыкметна дайшлі да “залатога фонду”, які і забяспечвае поспех у любой справе.
— Як кіраўнік амаль на сто працэнтаў задаволены работай кадраў, хаця і

тут не без выключэнняў. Перад прафесійным святам сталяр М. А. Сокалаў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Ганаровай граматай упраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама адзначана праца начальніка планава-эканамічнага сектара Т. Г. Протас і аператара кацельні ўчастка “Гарадзец” І. А. Крыўко. Вадзіцель Г. У. Хахолка, трактарыст А. Л. Лук’янёнак, абрубшчык сукоў М. С. Крупскі, апаратчык хімводаачысткі цэнтральнай кацельні А. М. Дзіль, бухгалтар М. В. Лысёнак атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, на раённую Дошку гонару занесены машыніст экскаватара А. С. Лаўрыновіч. Пералік перадавікоў можна працягваць.
У гэты дзень не магу не адзначыць ветэранаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё і станаўленне камунальнай службы раёна. Гэта ў першую чаргу Г. М. Сырцоў, М. С. Манкевіч, Г. В. Шастакова, А. П. Каралёва, У. Ф. Аксючыц, Я. І. Янчык і многія, многія іншыя. Шчыры дзякуй вам усім за зробленае.

— Валянцін Францавіч, з задавальненнем канстатую, што ў вас добры дзелавы настрой, які, безумоўна, перадаецца і членам калектыву. Са святам!
— У адказ скажу: як працуем, так і будзем святкаваць.
Гутарыў Эдуард КОРСАК
